У Расіі пакрыўдзіліся і забаранілі продаж каньякоў і вінаў з Арменіі
7- 23.05.2026, 16:08
- 3,210
Гэта адбылося на фоне напружаных адносін паміж краінамі.
Роспотребнадзор прыпыніў продаж у РФ вінаў і каньякоў, якія вырабляюць тры кампаніі з Арменіі: «Ведзі-Алка», «Абавянскі каньячны завод» і «Вінна-каньячны дом “Шахназарян”».
Пад забарону трапілі, у прыватнасці, чырвонае паўсалодкае віно «Гетап Вернашэн», белае сухое віно «Ведзі Алка», «Армянскі каньяк 5 зорак» і каньяк «Шахназарян ХО».
Паводле версіі ведамства, алкаголь гэтых вытворцаў не адпавядае «абавязковым патрабаванням». Якім менавіта — не ўдакладняецца.
Гэта адбываецца на фоне пагаршэння адносін паміж Масквой і Ерэванам з-за збліжэння апошняга з ЕС. У красавіку прэм'ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што Арменія не плануе вяртацца «да актыўнасці» ў АДКБ.
У пачатку мая ў Ерэване прайшоў саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, на які прыехаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.