У метро Мінска зноў заўважылі легендарнага мужчыну з дудкай
11- 23.05.2026, 11:27
- 6,770
Разгарнулася настальгічная дыскусія.
На станцыі метро «Плошча Перамогі» ў Мінску зноў заўважылі мужчыну з дудкай, які гадамі грае адну і тую самую мелодыю. Відэа апублікавалі ў Threads, каментатары тут жа разгарнулі настальгічную дыскусію пра «легенду мінскага метро», піша «Зеркало».
Шмат хто прызнаўся, што гэты навязлівы матыў даўно выклікае ў іх тугу, раздражненне і трывогу:
«Ооооо! Легенда. Я яго памятаю з навучання ва ўніверы. Ён тады ў пераходзе на «Якуба Коласа»… граў (назавём гэта так). Прайшло амаль 20 гадоў, а тэхніка выканання засталася такой жа. Стабільней за любую валюту».
«Захапляюся яго ўпартасцю! Чуваць надзейнасць чалавека ў кожнай ноце… Столькі гадоў заставацца верным адной мелодыі — моцна».
«Ён так адчувае… Тэхніка выканання падобная да заклінальніка змеяў, відаць, карані адтуль растуць».
«У мяне заўсёды ягоная мелодыя выклікае трывогу».
«Ён усіх нас перажыве, клянуся».
«Бесіць, што ён ужо столькі гадоў не дудзіць нічога, акрамя гэтай мелодыі, мог бы за гэты час навучыцца граць».
«Мы між сабой называлі яго Прадвеснікам Апакаліпсісу».
«Мінула 13 гадоў з таго моманту, калі я ўпершыню ўбачыла яго ў пераходзе «Кастрычніцкай», а ён дагэтуль працягвае граць гэтую мелодыю».
«Без яго Мінск не Мінск, гэта лёгкая ненавязлівая мелодыя, што не змяняецца з года ў год, дае нейкую апору пад нагамі і крыху стабільнасці».
«У мяне гэтыя гукі заўсёды выклікалі нейкі прыступ трывожнасці».
«А ў мяне трывожнасці не выклікае. Проста ў галаве потым паўдня мелодыя».
Некаторыя карыстальнікі прызналіся, што падыходзілі да яго пагаварыць, прытам не толькі ў падземным пераходзе:
«А вы ведаеце, колькі яму гадоў? Некалькі гадоў таму сын ехаў з ім на электрычцы і не стрымаўся, спытаў. Наколькі памятаю, было 50+. Штодня ён бегае ў любое надвор’е туды-і-назад каля 15 км у адзін бок. Ведаю дакладна, бо 20 гадоў таму бачыла асабіста штодня, калі ездзіла ў ўніверсітэт і назад. Дык вось, паводле маіх адчуванняў, ён быў такі ж 20 гадоў таму. Ён не пастарэў і, відаць, працягвае бегаць. Жыве не ў Мінску».
«Я неяк падыходзіў да яго, прапанаваў, каб ён кобру ў мяшок уставіў. Было б забаўна».
