14 траўня 2026, Чацвер, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шматдзетная маці стварыла ў Гродне «маленькую Італію»

1
Шматдзетная маці стварыла ў Гродне «маленькую Італію»

Адзіны ў горадзе атэль з прыстаўкай «арт».

У цэнтры Гродна, дзе кожны будынак — гісторыя, ёсць незвычайны апарт-атэль «У Грушы». Адзіны ў горадзе з прыстаўкай «арт». Гэты фармат асабліва цэняць падарожнікі, якія хочуць разнастайнасці і яскравых уражанняў нават у сценах атэля. Канцэпцыя «арт» вытрыманая ідэальна: нумары ўпрыгожваюць карціны мясцовых мастакоў, а сама прастора — асобны твор мастацтва. Пра тое, як стварыць у Гродне «маленькую Італію» і чаму важна знайсці справу, ад якой будуць гарэць вочы, піша Office Life.

«У Грушы» — гэта ўсяго шэсць нумароў у розных будынках. Усе яны ў крокавай даступнасці адно ад аднаго, і, пакуль ідзе прыбіранне перад засяленнем, гаспадыня атэля Алена Пракаповіч паспявае правесці для журналістаў экскурсію. Уваход у чатыры асноўныя нумары — з маленькага ўтульнага двара, які нагадвае італьянскі.

— Гэта будынак 1883 года пабудовы. У розны час тут былі даходны дом, вайсковы шпіталь, камунальныя кватэры, — распавядае Алена. — Назва «У Грушы» таксама гістарычная. Так называлася пітная ўстанова, якая калісьці была тут. Праўда, дакладна невядома, у гонар якой «грушы» назвалі: ці жанчыны, ці фрукту. Але на просьбу гасцей мы ў двары пасадзілі пару груш.

Алена з сям’і вайскоўца, вырасла ў Германіі, а пасля пераезду ў Беларусь паступіла вучыцца ў Гродне.

— Не магу сказаць, што марыла пра бізнес. Скончыла юрыдычны факультэт, працавала па спецыяльнасці ва ўпраўленні юстыцыі абласной адміністрацыі. Сям’я, трае дзяцей. Але ў 2019 годзе я звольнілася з працы. Выгарэла, як кажуць. Вырэшыла, што буду займацца домам, дзецьмі, — распавядае Алена. — А мой брат у той час шукаў памяшканне пад невялікую кавярню і аднойчы паклікаў мяне паглядзець цікавы будынак, дзе можна адкрыць нешта цікавае. Так з’явілася ідэя невялікага апарт-атэля.

Напэўна, сама ідэя зародзілася яшчэ раней, падчас нашага з мужам вясельнага падарожжа ў Санкт-Пецярбург. Там мы былі ў гасцях у кватэры, пераробленай з камуналкі, — гэта выглядала вельмі атмасферна.

У 37 гадоў Алена стала гаспадыняй памяшканняў з гісторыяй. Першыя апартаменты адкрыліся ў 2021 годзе. Паралельна ішла рэканструкцыя іншых памяшканняў з максімальным захаваннем таго, што можна было захаваць: цагляныя сцены, драўляныя падлогі. Камунікацыі, сантэхніку і мэблю замянілі.

— Большасць гасцей цэніць атмасферу нашых апартаментаў. Ад’яжджаючы, яны кажуць: «Мы хочам спыняцца толькі ў вас!» Адна пара так уразілася нашымі старадаўнімі драўлянымі падлогамі, што ў доме, які яны набылі, перадумалі класці ламінат і проста адшліфавалі старую падлогу, — узгадвае Алена.

У афармленні атэля яна вырашыла выкарыстоўваць не проста карціны, а працы таленавітых гродзенскіх мастакоў. Аляксандр Сільвановіч, Юрый Якавенка, Ніна Чурабо, удава мастака Анатоля Скамарошчанкі — усе, да каго яна звярнулася, ідэю падтрымалі. Так у кожным нумары з’явілася міні-галерэя рэпрадукцый іх карцін. Пры жаданні госці могуць набыць арыгіналы ўпадабаных прац.

Магчымасць выкупу памяшканняў арт-апарт-атэля Алена разглядала, але горад пакуль не дае дазволу. Тым часам нават арэнда гістарычнага будынка — вялікая смеласць. Гэта дадатковыя ўмовы, абмежаванні і патрабаванні.

— Мне вельмі дапамаглі мая юрыдычная адукацыя і досвед, — прызнаецца Алена. — Шмат гадоў працы з нарматыўнымі дакументамі, разуменне, дзе і якую інфармацыю шукаць — усё гэта дае пра сябе ведаць. Таму нейкіх асаблівых цяжкасцяў не было. Так, чамусьці даводзілася вучыцца на ўласных памылках. Але ў патрэбны час лёс зводзіў мяне з людзьмі, якія нешта падказвалі на пачатковым этапе.

Дадатковую адукацыю я атрымала толькі на курсах па вядзенні кадравага ўліку. Гэтым займаюся сама. Бухгалтэрыю вядзе спецыяліст на аўтсорсе. Праца з праекціроўшчыкамі, будаўнікамі, дызайнерам — гэта маё, нягледзячы на тое, што муж займаецца будаўнічым бізнесам. Тут у нас адразу была дамоўленасць: вырашыла гэтым займацца — займайся сама. Я стараюся не грузіць яго сваімі пытаннямі і праблемамі, бо яму дома таксама хочацца адпачыць, а не зноў уключацца ў працу. Але пры неабходнасці ён мяне заўсёды падтрымліваў. Хіба што ад адкрыцця кавярні спачатку адгаворваў, як і мая мама, якая працавала ў грамадскім харчаванні.

Алена дала некалькі парад тым, хто хоча адкрыць свой бізнес, але баіцца або не ведае, з чаго пачаць:

— Кажуць, лепш зрабіць і пашкадаваць, чым пашкадаваць, што не зрабіў. Гэта так. І ў працэсе аказваецца, што не ўсё так страшна. Напэўна, многіх спыняе фінансавае пытанне. Але можна пачаць з мінімальных укладанняў, узяць той жа крэдыт. Самае класнае — калі ты займаешся тым, што табе падабаецца, калі вочы гараць. У мяне ёсць знаёмая, якая любіць прыбіраць. Яна так ад гэтага кайфуе, што, папрацаваўшы ў клінінгу, адкрыла сваю справу — і ад кліентаў у яе няма адбою.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках