The Economist: Парад слабасці Пуціна
1- 11.05.2026, 13:16
- 1,134
Украіна паступова перахоплівае ініцыятыву.
Парад Перамогі на Чырвонай плошчы, які дзесяцігоддзямі быў вітрынай расійскай ваеннай магутнасці, сёлета ператварыўся ў дэманстрацыю трывогі. Упершыню за два дзесяцігоддзі па Маскве не прайшлі танкі і цяжкая тэхніка. Расійскія ўлады палічылі занадта небяспечным збіраць бранятэхніку ў цэнтры сталіцы — украінскія дальнабойныя дроны зрабілі нават Маскву патэнцыйнай мэтай, піша The Economist (пераклад — сайт Charter97.org).
На гэтым фоне прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дазволіў сабе асабліва балючы жэст — публічна «дазволіў» правядзенне параду, заявіўшы, што Чырвоная плошча не будзе атакаваная. Для Крэмля гэта стала сімвалічным ударам не меншым, чым праблемы на фронце.
Яшчэ некалькі месяцаў таму Расія разлічвала на маштабны вясновы наступ. Але ён фактычна праваліўся. Паводле дадзеных аналітыкаў, у красавіку расійская армія ўпершыню з лета 2024 года пачала страчваць тэрыторыі. Украіна паступова перахоплівае ініцыятыву — перш за ўсё дзякуючы беспілотнікам.
Менавіта беспілотнікі сёння змяняюць характар вайны. FPV-дроны са штучным інтэлектам і кіраваннем па аптавалакне сталі галоўнай зброяй фронту. Расійскія вайскоўцы скардзяцца, што такія апараты немагчыма пачуць да самога ўдару, а сістэмы радыёэлектроннай барацьбы супраць іх амаль бескарысныя.
Страты Расіі растуць. Паводле ацэнак заходніх аналітыкаў, штомесяц армія страчвае да 35 тысяч чалавек забітымі і параненымі — больш, чым паспявае набіраць новых салдат. Асабліва трывожным для Масквы называюць рост колькасці загінулых: калі раней на аднаго забітага прыпадала некалькі параненых, то цяпер суадносіны амаль зраўняліся.
Адначасова Украіна ўсё глыбей б’е па расійскай тэрыторыі. Пад атакамі аказваюцца нафтабазы, аэрадромы і лагістычныя вузлы за тысячы кіламетраў ад мяжы. Усё гэта ўзмацняе адчуванне, што вайна, на хуткую перамогу ў якой разлічваў Крэмль, паступова ператвараецца для Расіі ў выснажлівае і дарагое супрацьстаянне.