Міністр абароны Латвіі падаў у адстаўку з-за інцыдэнту з дронамі
5- 11.05.2026, 5:48
- 4,504
Андрыс Спрудс заявіў, што хоча абараніць армію ад палітыкі.
Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс абвясціў пра адстаўку з пасады пасля інцыдэнтаў з заблукалымі дронамі, а таксама раскрытыкаваў прэм’ер-міністарку краіны за «палітычныя гульні» і дапусціў, што яго палітычная сіла перагледзіць удзел у кааліцыі, паведамляе LSM.
Увечары 10 мая Андрыс Спрудс абвясціў, што сыходзіць з пасады міністра абароны Латвіі.
«Я вырашыў падаць у адстаўку з пасады міністра абароны — каб абараніць латвійскую армію ад уцягвання ў палітычную кампанію», — заявіў Спрудс.
Ён падкрэсліў, што яго адстаўка не з’яўляецца прызнаннем таго, што ён зрабіў недастаткова на гэтай пасадзе.
«Наадварот — абаронныя магчымасці Латвіі цяпер на высокім узроўні. Ці засталося яшчэ шмат працы? Вядома, але латвійская армія разам з саюзнікамі гатовая абараняць краіну», — сказаў Спрудс.
Міністр падкрэсліў, што апошнім часам у абароннай сферы было зроблена вельмі шмат і будзе працягнутая праца па ўдасканаленні абароны паветранай прасторы краіны і забеспячэнні бяспекі людзей.
За кароткі час да яго прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністарка Эвіка Сіліня апублікавала заяву ў X пра тое, што Спрудс «страціў яе давер», і яна будзе патрабаваць яго адстаўкі, а ў якасці пераемніка прапанавала палкоўніка Райвіса Мелніса.
Андрыс Спрудс выказаў абурэнне яе заявай і абвінаваціў яе ў няшчырай гульні.
«Ведаючы, што я прыняў рашэнне аб адстаўцы, яна паспяшалася згуляць у гэтыя гульні і за лічаныя хвіліны да гэтага абвяшчэння апублікавала гэты твіт, таксама ілжыва сцвярджаючы, што праінфармавала мяне або калег пра такое рашэнне», — заявіў ён, дадаўшы, што ў апошнія тыдні супраць яго партыі, «Прагрэсіўных», вядзецца «мэтавая, сістэмная, маштабная кампанія», паколькі партыя «не ўпісваецца ў старыя фарматы».
«Латвійская армія — моцная. Узброеныя сілы Латвіі — прафесійныя. Латвійскі абаронпрам працуе. І ніякая палітычная сіла не мае права падрываць давер да абароназдольнасці краіны ў інтарэсах сваёй кампаніі», — заявіў Спрудс.
Ён таксама сказаў, што на наступным тыдні кіраўніцтва яго партыі і парламенцкая фракцыя абмяркуюць, ці застануцца «Прагрэсіўныя» ў ўрадзе.
Партыя з’яўляецца малодшым партнёрам у кааліцыі з «Новым адзінствам» і «Саюзам зялёных і сялян», у іх — тры міністэрскія партфелі.
Андрыс Спрудс апынуўся пад новай хваляй крытыкі пасля 7 мая, калі «заблукалыя беспілотнікі» ўпершыню нанеслі шкоду на тэрыторыі Латвіі — абодва выбухнулі на тэрыторыі нафтабазы. Пакуль не пацверджана, ці былі гэта ўкраінскія апараты. Міністр заявіў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць і сысці ў адстаўку, калі так вырашыць Сейм.
З-за інцыдэнту Латвія выклікала ў МЗС расійскага дыпламата і ўручыла яму ноту пратэсту.