У Наваградку на гарышчы знайшлі фрагмент яўрэйскага пергамента XVIII стагоддзя
- 9.04.2026, 21:46
- 3,688
Фотафакт.
Мастак Віктар Васюкевіч з Наваградка прадставіў цікавую знаходку — фрагмент пергамента XVIII стагоддзя са старажытнаяўрэйскім пісьмом. Артэфакт быў знойдзены на гарышчы дома сваяка мастака. Як рэліквія трапіла ў сям'ю жывапісца — цяпер высветліць складана, піша «Звязда».
Паводле сямейнай легенды, родныя Віктара ўцяклі з наваградскага гета падчас нямецкай акупацыі, змяніўшы прозвішча: сапраўднае прозвішча яго маці было Кац. Прынесены імі скрутак быў схаваны на гарышчы вясковага дома пад саломай, лістамі пергамента была застланая ўся падлога…
Паводле сведчанняў спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі, час стварэння помніка — прыкладна другая палова XVIII стагоддзя, пра што сведчыць стан чарнілаў, якія выкарыстоўваліся пры пісьме: яны маюць рыжаваты адценак.

Тора, або Пяцікніжжа Майсея, — свяшчэнная кніга юдаізму, была дадзена яўрэйскаму народу на гары Сінай. Яе тэкст перадаваўся на пергаментных скрутках, выкананых спецыяльна навучанымі пісцамі. Яны выкарыстоўвалі толькі скуру кашэрнай жывёлы (ягняці), і пісец не меў права дапусціць ніводнай памаркі, інакш скрутак прызнаваўся рытуальна «нячыстым».