Работнік БелАЗа: Народ разбягаецца
32- 6.04.2026, 14:24
- 27,162
На жодзінскім прадпрыемстве — жабрацкія заробкі.
Кіраўніцтва БелАЗа не ведае, як утрымаць рабочых на прадпрыемстве, не павышаючы ім заробкі. Пра гэта тэлеграм-каналу «Баста!» паведаміў супрацоўнік прадпрыемства.
«Заробкі сапраўды апошні раз павышалі рабочым пару гадоў таму, а начальству — рэгулярна, — піша ён. — Найлепшыя даходы ў ідэолагаў і тых, хто падняўся падлымі шляхамі пасля 2020-га года, даносячы на сваіх жа калег. Даход рэгулюецца прэміямі, што не навіна.
Народ разбягаецца, многія проста не цягнуць дарагавізну жыцця з нашымі жабрацкімі заробкамі, і замест таго, каб урэзаць апетыты начальства і павысіць нам заробкі, гэта самае вышэйшае начальства пачало даследаваць ступень выгарання работнікаў.
Смяяліся ўсім цэхам: прыйшоў ідэолаг і расказваў нам пра тое, як мы добра жывём, і як дрэнна ў Еўропе: „не ўздумвайце звальняцца і з’язджаць, дзеды не за гэта ваявалі“.
Спрабавалі растлумачыць і яму, і начальнікам сутнасць праблемы — грошы і цэны, але нам сказалі, што часы складаныя. Карацей, Лукашэнка хоча ўсё больш, а мы — хоць падыхай.
Цяпер рэальна вывучаюць ступень выгарання. Ідыёты».