Сабаленка трапіла ў падвойны скандал
8- 25.05.2026, 19:39
- 2,674
Абедзве гісторыі не звязаныя з гульнёй беларускай тэнісісткі.
Першая ракетка свету Арына Сабаленка апынулася ў цэнтры скандалу падчас грунтавага турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме (Італія).
Беларуская тэнісістка можа атрымаць штраф за парушэнне рэгламенту Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), якое датычыцца выкарыстання экіпіроўкі.
Як паведамляе аўтарытэтнае спартыўнае выданне Sportico, прычынай магчымых санкцый стаў выхад Сабаленкі на матч супраць чэшкі Барбары Крайчыкавай з сумкай ад люксавага брэнда Gucci.
Арына з'яўляецца афіцыйнай амбасадаркай моднага дома і прадэманстравала яго прадукцыю непасрэдна на корце.
Згодна з правіламі WTA, абноўленымі ў 2024 годзе, тэнісісткам дазволена выкарыстоўваць на корце экіпіроўку і аксэсуары толькі тых брэндаў, што спецыялізуюцца на спорце.
З рэгламенту WTA: Да дэманстрацыі на корце дапускаюцца вытворцы, «значная частка даходаў якіх паходзіць ад продажу менавіта спартыўнага рыштунку» (напрыклад, кампанія Wilson, з сумкай якой звычайна і выступае беларуска). Прадукцыя модных дамоў і цяжкага люксу пад гэтае азначэнне не падпадае.
У самой WTA на афіцыйны запыт журналістаў адказваць адмовіліся, устрымаўшыся ад каментарыяў.
Аднак, паводле звестак крыніц, арганізацыя мае намер дэталёва вывучыць усе абставіны інцыдэнту і правесці ўнутранае расследаванне, па выніках якога на першую ракетку свету могуць быць накладзеныя штрафныя санкцыі.
Матч першага раўнду Адкрытага чэмпіянату Францыі паміж ураджэнкай Пензенскай вобласці Аксанаю Селехмет'евай, якая ўпершыню выступала пад сцягам Іспаніі, і ўкраінкай Мартай Касцюк завяршыўся ўпэўненай перамогай апошняй (2:6, 3:6).
Аднак сама гульня, якая магла застацца незаўважанай, справакавала бурнае абмеркаванне ў сацыяльных сетках з-за незвычайнай дэталі экіпіроўкі.
Як паведамляе выданне Yahoo, Селехмет'ева выйшла на корт у сукенцы ад брэнда Nike, якую спартыўны гігант распрацаваў спецыяльна да «Ралан Гарос» для сваёй галоўнай зоркі – першай ракеткі свету Арыны Сабаленкі.
Сітуацыя, якая пазбавіла беларускую тэнісістку права эксклюзіўнага паказу новай лінейкі, узнікла праз супадзенне двух абставін:
Перадвочасны старт продажаў: Кампанія Nike паспяшалася і занадта рана адправіла новую калекцыю ў рознічныя крамы, дзе яе і набыла Селехмет'ева.
Турнірны расклад: Арганізатары «Ралан Гарос» паставілі матч прадстаўніцы Іспаніі раней, чым паядынак Сабаленкі. У выніку іспанка прадэманстравала дызайнерскі нарад шырокай публіцы першай.
Звычайна топ-гульцы маюць прыярытэтнае права першымі выходзіць на корт у эксклюзіўных навінках ад спонсараў.
Ці паўплывае гэты кур'ёз на адносіны брэндаў з тэнісісткамі і ці былі парушаныя ўмовы якіх-небудзь камерцыйных кантрактаў, на дадзены момант не паведамляецца.