Сенат Польшчы заклікаў вызваліць беларускіх палітвязняў
2- 22.04.2026, 17:14
Рэзалюцыя прынята аднагалосна.
Польскі Сенат аднагалосна прыняў рэзалюцыю з нагоды пятай гадавіны зняволення Анджэя Пачобута. Сенатары заклікалі «ўлады ў Мінску спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў і пачаць палітычны дыялог з апазіцыйнымі сіламі ў Беларусі і за мяжой», перадае TVP.
«З нагоды пятай гадавіны зняволення Анджэя Пачобута, журналіста і лідара польскай меншасці ў Беларусі, лаўрэата Еўрапейскай прэміі імя Сахарава, мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць яго», — гаворыцца ў прынятай сенатарамі рэзалюцыі.
Успамінаючы «польскую барацьбу за правы чалавека і суверэннае існаванне дзяржавы», сенатары выказалі «поўную салідарнасць з беларускімі актывістамі за дэмакратыю і свабоду». Яны адзначылі, што трыццаць гадоў таму ў Беларусі быў створаны незалежны праваабарончы цэнтр «Вясна», і выказалі «перакананне ў тым, што намаганні і ахвяры беларускіх праваабаронцаў стануць асновай будучыні свабоднай Беларусі».
Сенатары звярнуліся да «ўладаў Мінска з заклікам спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў і пачаць палітычны дыялог з апазіцыйнымі сіламі ўнутры краіны і ў выгнанні, каб аднавіць мір, сацыяльную стабільнасць і забяспечыць рэалізацыю еўрапейскіх і дэмакратычных памкненняў беларускага грамадства».
Анджэй Пачобут быў затрыманы беларускім рэжымам 25 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца ў зняволенні.
Шмат гадоў Пачобут супрацоўнічаў з польскімі СМІ, асвятляючы сітуацыю ў Беларусі. Яго арыштавалі і аддалі пад суд за крытычныя выказванні на адрас беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі. 25 сакавіка 2021 года яго затрымалі.
Беларускія ўлады назвалі яго дзеянні — прапаганду польскай культуры і публікацыю артыкулаў у СМІ — «рэабілітацыяй нацызму». Актывіст доўгі час утрымліваўся пад вартай, і 8 лютага 2023 года быў прысуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Апеляцыя была адхіленая Вярхоўным судам Беларусі, і Пачобут дагэтуль утрымліваецца ў калоніі ў Наваполацку.