У ЗША мужчына ўчыніў страляніну на вуліцы
3- 19.04.2026, 21:08
- 3,668
Загінулі восем дзяцей.
Як паведамляе Бі-Бі-Сі, рана раніцай у горадзе Шрыўпорт, што ў штаце Луізіяна, невядомы адкрыў агонь. У выніку загінулі восем дзяцей ва ўзросце ад аднаго года да 14 гадоў. Яшчэ двое пацярпелі, іх стан невядомы.
Паводле даных паліцыі, на якія спасылаецца NBS News, супрацоўнікі дэпартамента ў Шрыўпарце атрымалі паведамленне пра бытавы канфлікт а шостай раніцы па мясцовым часе (другая гадзіна дня па Мінску).
Паводле слоў прадстаўніка паліцыі Крыстафера Бордэлона, месца здарэння аказалася «вялікім» і ахоплівала адразу тры месцы.
Бі-Бі-Сі паведамляе, што некаторыя з загінулых дзяцей былі сваякамі стрэлка. Мужчына выкарыстоўваў зброю ў некалькіх месцах горада — у двух дамах, што знаходзяцца ў адным квартале, і яшчэ ў трэцім непадалёк.
Паводле звестак мясцовых уладаў, пасля страляніны невядомы ўгнаў аўтамабіль і паспрабаваў уцячы. Аднак паліцыя застрэліла яго падчас пагоні. Асобу мужчыны пакуль не раскрываюць, вядома, што ён дзейнічаў адзін. Матывы злачынства высвятляюцца.