12 красавiка 2026, Нядзеля, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На сусветным рынку нафты пачалася паніка

12
На сусветным рынку нафты пачалася паніка

Трэйдары па ўсім свеце шукаюць барэлі, а дэфіцыт ужо б'е па перапрацоўцы.

На рынку нафты разгарэлася жорсткая барацьба за свабодныя барэлі на фоне крохкага перамір'я на Блізкім Усходзе. Трэйдары і нафтаперапрацоўчыя кампаніі па ўсім свеце шукаюць грузы з неадкладнай пастаўкай.

Выданне Bloomberg піша, што, паводле слоў трэйдараў, панічныя рашэнні на ключавых сусветных рынках фізічнай нафты дэманструюць маштаб яе дэфіцыту, які будзе адчувацца ўсё мацней па меры скарачэння паставак з Блізкага Усходу. Паводле іх слоў, імклівы рост цэн сігналізуе, што некаторым еўрапейскім НПЗ, верагодна, давядзецца скараціць вытворчасць — крок, які можа дапамагчы збалансаваць рынак сырой нафты, але пагоршыць дэфіцыт дызельнага і авіяцыйнага паліва.

«Проста не хапае нафты. Рынак фізічнай нафты маркі Brent у хаосе, і яе цэны ўжо занадта моцна выраслі. Пры такіх тэмпах нават еўрапейскім нафтаперапрацоўчым заводам давядзецца знізіць загрузку, магчыма, ужо ў наступным месяцы», — сказаў кіраўнік аддзела даследаванняў Sparta Commodities AS Ніл Кросбі.

Ажытаж на рынку фізічнай нафты кантрастуе з сітуацыяй на ф'ючэрсным рынку, дзе цэны на нафту з пастаўкай у чэрвені мінулым тыднем упалі на 13% і зачыніліся на ўзроўні каля 95 долараў за барэль на фоне аптымізму ў сувязі з перамір'ем.

«Апошнія грузы, што прайшлі праз Армузскі праліў да пачатку канфлікту, цяпер прыбываюць у пункты прызначэння. Менавіта тут рынкі, якія гандлююць на паперы, сутыкаюцца з рэальнасцю, і 40-дзённы разрыў у глабальных энергетычных патоках становіцца відавочным», — паведаміў генеральны дырэктар Abu Dhabi National Oil Co Султан аль-Джабер.

Гэты разрыў бачны ў прэміі, якую НПЗ гатовыя заплаціць, каб забяспечыць сябе нафтай, даступнай у найбліжэйшай перспектыве. Трэйдары некаторых азіяцкіх НПЗ, якія пажадалі застацца ананімнымі, заявілі, што больш не засяроджваюцца на цане, а проста імкнуцца забяспечыць сябе барэлямі, дзе толькі можна, каб гарантаваць энергетычную бяспеку.

Азіяцкія краіны, што найбольш залежаць ад нафты, якая ідзе праз Армузскі праліў, шукаюць нафту па ўсім свеце. Так, японскія нафтаперапрацоўчыя кампаніі ўзначалілі гонку па скупцы нафты з ЗША, экспарт якой дасягнуў рэкордных узроўняў. Актыўныя закупкі з боку кітайскіх нафтаперапрацоўшчыкаў прывялі да таго, што ў гэтым месяцы пастаўкі нафты з Ванкувера дасягнулі рэкорднага ўзроўню. А індыйскія нафтаперапрацоўшчыкі нарошчваюць закупкі з Венесуэлы.

Паводле слоў трэйдараў і аналітыкаў, экстрэмальны ўзровень прэмій за нафту, гатовую да неадкладнай пастаўкі, стварае велізарнае навантажанне на рынак. Невялікія НПЗ сутыкаюцца з рэзка ўзрослымі патрэбамі ў фінансаванні з-за больш высокіх цэн, а таксама з праблемай хеджавання на рынку, дзе фізічная нафта каштуе значна даражэй, чым найбольш ліквідныя вытворныя інструменты, прывязаныя да яе.

У выніку некаторыя нафтаперапрацоўчыя кампаніі пачынаюць сыходзіць з рынку, што прывядзе да скарачэння іх аб'ёмаў вытворчасці і яшчэ большага сціскання рынкаў нафтапрадуктаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках