Івонцы Сурвіле — 90 гадоў
1- 11.04.2026, 11:25
Старшыня Рады БНР святкуе юбілей.
11 красавіка спаўняецца 90 гадоў беларускай грамадска-палітычнай дзеячцы і старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонцы Сурвіле.
Івонка Сурвіла (дзявочае прозвішча — Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. У 1944 годзе выехала з Беларусі разам з бацькамі. Бацька Івонкі, Уладзімір Шыманец, быў міністрам фінансаў у ўрадзе БНР часоў Мікалая Абрамчыка.
Яна жыла ў Францыі, Даніі, Іспаніі, а цяпер жыве ў Канадзе.
Вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы. У 1959 годзе скончыла лінгвістычны факультэт Сарбоны. Акрамя роднай мовы, валодае яшчэ васьмю: французскай, іспанскай, англійскай, нямецкай, дацкай, лацінскай, нарвежскай і польскай.
У 1959–1965 гадах працавала ў беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, выкладала французскую мову ў Французскім інстытуце ў Мадрыдзе.
З 1969 па 1996 гады працавала на розных пасадах у Бюро перакладаў пры федэральным урадзе Канады.
У 1974 годзе Івонка Сурвіла была абраная старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтва, у 1984 — у склад праўлення Канадскай этнакультурнай рады.
У 1989 годзе разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары Сурвіла заснавала Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і была яго кіраўніцай да моманту яе абрання ў 1997 годзе старшынёй Рады БНР. Апошні раз была перавыбраная на гэтую пасаду ў 2023 годзе.