Украіна працуе над новай балістычнай ракетай FP-9, якая можа дасягнуць Масквы
10- 9.03.2026, 20:06
- 12,488
Што вядома.
Сузаснавальнік і галоўны канструктар абароннай кампаніі Fire Point Дзяніс Штылерман заявіў, што ўкраінскія інжынеры працуюць над новай балістычнай ракетай FP-9 з далёкасцю палёту да 800 кіламетраў. Яна патэнцыйна здольная паражаць мэты ў Маскве.
Пра гэта Штылерман распавёў у інтэрв’ю Армія TV, перадае New Voice.
Ён адзначыў, што ключавой асаблівасцю ракеты павінна стаць высокая хуткасць пры паражэнні мэты, што ўскладняе перахоп супрацьпаветранай абаронай.
«FP-9 будзе лёгка трапляць у мэты ў Маскве, таму што ў яе вельмі вялікая хуткасць падлёту да мэты. Напрыклад, у Іскандэра цяпер каля 800 метраў у секунду, а ў нас будзе больш за тысячу», — кажа Штылерман.
Ён падкрэсліў, што такая хуткасць дазваляе значна больш эфектыўна пераадольваць сістэму СПА. Паводле слоў распрацоўшчыка, менавіта балістычныя ракеты могуць змяніць характар удараў па мэтах у глыбіні РФ.
Крылатыя ракеты і БПЛА, нягледзячы на рэгулярныя атакі, не заўсёды здольныя нанесці істотную шкоду аб’ектам у раёнах з шчыльным прыкрыццём СПА, патлумачыў Штылерман.
«Крылатымі ракетамі і дронамі цяпер немагчыма паразіць нешта істотнае ў Маскве. Там шчыльнае кальцо СПА», — сказаў ён.
Выпрабаванні ракеты FP-9 плануюць правесці на пачатку лета.
Кампанія Fire Point паведаміла пра распрацоўку ўласных балістычных ракет FP-7 і FP-9 на пачатку верасня 2025-га на выставе ў Польшчы. У лістападзе кампанія заяўляла, што збіраецца завяршыць выпрабаванні балістычных ракет у першай палове 2026 года.