З’явіліся новыя падрабязнасці разгрома шпіёнскай сеткі КДБ у Еўропе
5- 4.03.2026, 20:11
- 26,928
Завербаваны экс-намеснік кіраўніка разведкі Малдовы кантактаваў з лукашэнкаўскімі спецслужбамі ў Будапешце.
Былы намеснік дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандр Балан, завербаваны беларускім КДБ, карыстаўся класічнымі метадамі шпіянажу, адаптаванымі да лічбавай эпохі: схаваны тэлефон у сумцы Фарадэя, зашыфраваныя файлы і справаздачы на рускай мове, — піша digi24.ro.
Згодна з матэрыяламі справы, Балан падтрымліваў сувязь з афіцэрам КДБ Беларусі Уладзімірам Варажбітавым, якому дапамагалі яшчэ тры супрацоўнікі КДБ і які раней курыраваў іншага шпіёна, што дзейнічаў у Польшчы. Для перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся асаблівы метад: замест звычайных электронных паведамленняў, якія маглі быць перахопленыя, удзельнікі карысталіся агульнай паштовай скрыняй, змяшчаючы паведамленні ў тэчку «Чарнавікі», не адпраўляючы іх.
Такія паведамленні бачныя абодвум бакам, але не праходзяць праз сетку, што ўскладняе працу следчых. Адна з электронных паштовых скрыняў Балана была выдаленая з IP-адрасу ў Беларусі неўзабаве пасля яго затрымання ў Румыніі, што сведчыць пра адсочванне сітуацыі з-за мяжы.
Падчас вобшукаў быў выяўлены тэлефон Blackview, схаваны ў сумцы Фарадэя, якая блакуе электрамагнітныя сігналы, а таксама флэшка Kingston на 32 ГБ з файламі, зашыфраванымі праз праграму VeraCrypt.
У тэчцы «Чарнавікі» іншай паштовай скрыні Балана былі знойдзеныя справаздачы на рускай мове, складзеныя ў ліпені 2025 года пасля сустрэчы з афіцэрамі КДБ у Будапешце. Былы намеснік дырэктара СІБ сістэматычна перадаваў інфармацыю беларускім агентам.
Напрыканцы мінулага тыдня Аляксандру Балану былі афіцыйна прад’яўленыя абвінавачанні ў замаху на дзяржаўную здраду і ў разгалошванні сакрэтнай інфармацыі, небяспечнай для нацыянальнай бяспекі. Справу, якую расследуе DIICOT, будуць разглядаць у Апеляцыйным судзе Бухарэста.