16 красавiка 2026, Чацвер, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнку абклалі з усіх бакоў»

30
«Лукашэнку абклалі з усіх бакоў»

Дыктатару сапраўды страшна.

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі у каментары «Філіну» распавёў пра патэнцыйныя пагрозы, паміж якімі цяпер лавіруе кіраўнік Беларусі.

— Лукашэнка сапраўды толькі праз суткі пасля навіны пра гібель Хаменеі адрэагаваў і значна мякчэй, чым Пуцін (кіраўнік РФ назваў яго смерць «забойствам, учыненым з цынічным парушэннем усіх нормаў чалавечай маралі і міжнароднага права» — рэд.), — кажа Аляксандр Класкоўскі пра тое, чым могуць быць абумоўленыя паводзіны беларускага кіраўніка ў апошнія дні. — У пасланні кіраўніка абмаляваныя толькі нейкія ананімныя ворагі, «вергаломная атака», але чыя — незразумела.

Усё максімальна зарэтушавана. Мяркую, што Лукашэнка і яго набліжаныя доўга падбіралі словы.

З аднаго боку, трэба было выканаць нейкі мінімум у плане спачуванняў, бо з іранскім рэжымам даўно і шчыльна падтрымліваецца партнёрства. І гэта не столькі гандаль, колькі ідэалагічная роднасць.

Успомнім, што Лукашэнка і сам раней быў адным з пылкіх абвінаваўцаў «амерыканскага гегемона», «амерыканскай ваеншчыны».

У яго, як вядома, ёсць і асаблівы пунцік наконт трагічнага фіналу дыктатараў. Відавочна, Лукашэнка праектуе на сябе іхныя лёсы — і Мілошавіча, і Хусэйна, і Кадафі.

Сваім часам ён прытуліў Бакіева, зрынутага прэзідэнта Кыргызстана. І што да Мадура, ён прапаноўваў «ідэальны план», але Вашынгтон яго не паслухаў.

З другога боку, рэакцыя Лукашэнкі была спазнелай і даволі прыцішанай, бо ён вымушаны наступаць на горла ўласнай песні. Ён пабойваецца раззлаваць Трампа.

І не хацеў бы сарваць перамовы па так званай «вялікай здзелцы», якая, магчыма, прадугледжвае далейшае зняцце амерыканскіх санкцый.

З іранцамі, здаецца, Трамп таксама вёў дыялог, перамовы ішлі ў Жэневе, і ўжо нават гучалі словы, што бакі набліжаюцца да нейкай здзелкі. І раптам літаральна праз пару дзён — гэты ўдар.

То-бок Лукашэнка бачыць, што Трамп успыльчывы і непрадказальны. Вось не спадабалася яму, як ідуць перамовы, палічыў, што іранцы мала саступаюць, — і ўдарыў.

— З Беларуссю наўрад ці падобнае магчыма.

— Вядома, Трамп не стане бамбаваць Мінск ці Дразды або дасылаць свой спецназ для захопу. Але нашкодзіць ён усё роўна можа.

Лукашэнка таксама, так бы мовіць, вядзе перамовы з амерыканцамі. І ў гэтым кантэксце скласці пасланне з нагоды смерці Хаменеі — гэта толькі тэхнічны момант.

А вось як сябе паводзіць далей у гэтых перамовах? Лукашэнку ж хочацца атрымаць максімум — і зняцце санкцый, і, можа быць, каб Вашынгтон націснуў на Літву наконт транзіту калію.

А яшчэ — смага легітымізацыі, а не проста таргі: санкцыі ў абмен на вязняў рэжыму. У яго ж ёсць гэты «комплекс нелегітымнасці».

Лукашэнка не хоча страціць і пажаданыя знакі ўвагі ад Трампа. А як ён хацеў паляцець на саміт Рады міру! Але з Масквы, як вядома, затармазілі. І вось ён бачыць: будзеш моцна капрызіць — Трамп можа ўспыхнуць.

Яшчэ адзін непрыемны фактар — літаральна напярэдадні сваю палітыку ў дачыненні да яго рэжыму ўзжорстчыў Зяленскі. Атрымліваецца, што Лукашэнка цяпер абкладзены з усіх бакоў.

Акрамя гэтага, мне здаецца, іранскія падзеі маглі прымусіць кіраўніка задумацца, наколькі ўстойлівы ягоны рэжым. Бо рэжым аятолаў усё ж такі не назавеш персаналісцкай дыктатурай.

Там быў і духоўны лідар, і прэзідэнт, і парламент, і цэлых дзве арміі, уключаючы КСІР, створаны спецыяльна на выпадак розных узрушэнняў.

А ў Беларусі персаналісцкая дыктатура: знікае Лукашэнка — і ўсё разваліцца. То-бок ён гнаўся за неабмежаванай уладай, у выніку стварыў сістэму, якая трымаецца на адным цвіку.

— Паплечнікі, вы неяк ужо казалі, ратаваць Лукашэнку наўрад ці будуць. Падобнае мы, дарэчы, назіралі і пры ліквідацыі іншых дыктатараў. Таксама мы бачым, што і Пуцін не спяшаецца на дапамогу да каго-небудзь са сваіх сяброў.

— Пуцін Лукашэнку наўрад ці будзе ратаваць. Але Беларусь — гэта стратэгічны плацдарм або «балкон», як яны называюць. То-бок асабіста за Лукашэнку расіяне змагацца не будуць, але саступаць гэтую тэрыторыю, вядома, не хочуць.

І ў Крамля сапраўды можа быць свой сцэнар, калі там палічаць, што Лукашэнка занадта пастарэў або, напрыклад, занадта загуляўся на заходнім вектары.

Яны могуць правесці сваю спецаперацыю, і людзі з прарасійскімі мазгамі, якія атачаюць кіраўніка, лёгка яго здадуць. Я б нагадаў яшчэ і пра нядаўнія сігналы Масквы, якія гучалі як намёкі: маўляў, Захад хоча ўладкаваць новы пераварот у Беларусі.

Не выключаю, што гэта Масква такім чынам міжволі выдае свой план, які я называю «беларускі Гляйвіц». То-бок расійскія спецслужбы могуць справакаваць нейкі інцыдэнт і потым вырашыць пытанне транзіту ўлады ў Беларусі на сваю карысць.

— Вы пералічылі некалькі фактараў, якія Лукашэнка можа разглядаць як патэнцыйную пагрозу. Які з іх найбольш верагодны, на ваш погляд?

— Што да Трампа, паўтару, непасрэднага ўдару або нейкай аперацыі Лукашэнка наўрад ці баіцца. Хутчэй, баіцца ўпушчанай выгоды, рызыкуючы так і застацца ізгоем, непажаданым на Захадзе. Раптам бліснуў промень надзеі — і вось ён можа пагаснуць.

Ёсць падставы баяцца ўкраінцаў. Бо яны неаднойчы пераходзілі чырвоныя лініі, акрэсленыя Масквой: і заходзячы на тэрыторыю РФ, і калі пачалі біць у глыб Расіі на тысячы кіламетраў.

Раней Лукашэнка мог думаць, што з Кіевам ёсць негалосныя дамоўленасці, але, відаць, цяпер Пуцін падштурхоўвае яго да таго, каб з Беларусі зыходзіла большая пагроза для Украіны.

Сваім «Арэшнікам» і іншым ён падстаўляе Лукашэнку пад адказны ўдар. Гэта нельга ігнараваць, тым больш ведаючы, як далёка ўкраінцы прасунуліся ў плане дронаў і стварылі сваю ракету.

А Пуціна ён баіцца ўжо не столькі ў плане страты ўлады, колькі жыцця. Іншая справа, што выкручвацца і лавіраваць — гэта спосаб яго існавання.

Але цяпер Лукашэнка зайшоў занадта далёка. Хутчэй за ўсё, разумее, што пры жудаснай смаге ўлады настаў момант падумаць пра тое, каб выратаваць сябе і сваю сям’ю.

Ён ужо не зможа проста так сядзець на троне і ўсімі камандаваць. Іх сямейны клан назапасіў вялікія багацці, разросся, там ужо процьма ўнукаў.

І вось Лукашэнка натварыў столькі спраў, што трэба вельмі моцна лавіраваць, каб хоць як і самому чыста фізічна ўцалець, і за блізкіх, думаю, яму ўжо страшна. Асабліва назіраючы за тым, што адбываецца з чальцамі сем’яў дыктатараў, з якімі ўдалося расправіцца.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках