17 красавiка 2026, Пятніца, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ці заплаціў грамадзянін Лукашэнка штраф?»

40
«Ці заплаціў грамадзянін Лукашэнка штраф?»

Да гаспадара шпіца адразу ўзнікае некалькі пытанняў.

У той час, як беларусаў чакае абноўлены падатак на сабак, кіраўнік чарговы раз павёў свайго любімага гадаванца ў нечаканае месца. Умка склаў Лукашэнку кампанію падчас нядаўнага наведвання Mak.by.

На хвіліначку: падпісаны гаспадаром шпіца ў красавіку 2024 года закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» забараняе наведваць з хатнімі жывёламі, акрамя сабак-павадыроў, большасць грамадскіх месцаў. У тым ліку крамы, грамадскае харчаванне, аб’екты аховы здароўя, установы культуры і адукацыі.

І хоць некаторыя кропкі Mak.by дазваляюць прыводзіць у ўстанову маленькіх, да 35 см у карку, сабак — але менавіта гэты рэстаран у «Першым нацыянальным гандлёвым доме» такой опцыі не мае. А нават калі б і меў, клаць жывёлу на стол — яўнае парушэнне санітарных нормаў.

Любому іншаму ў лепшым выпадку пагражаў бы скандал і адміністрацыйны штраф, але тут усе навакольныя зрабілі выгляд, нібы так і трэба.

А да гаспадара шпіца адразу ўзнікае некалькі пытанняў:

Па-першае, ці заплаціў грамадзянін Лукашэнка штраф — ад 1 да 15 базавых велічынь — за знаходжанне сваёй сабакі ў непрызначаным месцы? (А заадно за мінулыя парушэнні — як мінімум, узгадаем «выбары» ў студзені 2025 года, калі Умку прывялі на выбарчы ўчастак у ўніверсітэце фізкультуры, і пёс пазначыў тэрыторыю). А чаму адразу — не?

Па-другое, ці аплачваецца за Умку ўжо згаданы падатак на сабак, пачынаючы з вясны 2020 года, калі шпіц упершыню з’явіўся на публіцы, ці ягоны гаспадар карыстаецца пенсіянерскімі льготамі (хоць сам сцвярджаў, што ў яго «пяць сабак, няма куды дзяваць» — а льгота толькі на адну сабаку)? А квітанцыю можна прад’явіць?

Па-трэцяе — і галоўнае. Судзячы з таго, як бяссорамна гаспадар белага шпіца парушае ўласныя заканадаўчыя і санітарныя нормы, не кажучы ўжо пра банальныя нормы прыстойнасці, а яму ніхто і слова папярэку не скажа — правоў і свабод у Умкі па-ранейшаму больш, чым у людзей.

Ці правільна мы зразумелі: гэта адкрытая дэманстрацыя таго, што былая «сацыяльна арыентаваная дзяржава» сёння канчаткова стала феадальнай вотчынай кіраўніка, а не месцам для нармальнага жыцця — ні сабак, ні людзей?

Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках