З Пуціным у Расіі нешта не так
8- 17.04.2026, 12:54
- 4,466
Рэйтынг бесперапынна падае шосты тыдзень запар.
Рэйтынгі расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна падаюць з пачатку сакавіка, то бок шосты тыдзень запар.
Пра гэта ў пятніцу, 17 красавіка, піша «Настоящее время», апіраючыся на новыя даныя Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ).
Узровень адабрэння Пуціна дасягнуў найніжэйшага значэння з часоў пачатку паўнамаштабнай вайны супраць Украіны і працягвае зніжацца.
Паводле даных апытання, з 6 па 12 красавіка, рэйтынг адабрэння дыктатара склаў 66,7%, знізіўшыся ў параўнанні з папярэднім тыднем на 1,1 працэнтнага пункта. Таксама знізіўся і рэйтынг даверу да Пуціна — на 1,8 працэнтнага пункта, да 72%.
Паводле даных ВЦИОМ, рэйтынг Пуціна — найніжэйшы з лютага 2022 года. Ніжэйшы ён быў па выніках апошняга перад паўнамаштабнай вайной апытання (64,3%), канстатуе выданне.
Працягвае зніжацца і рэйтынг кіроўнай партыі «Адзіная Расія».
Пры гэтым, адзначае «Настоящее время», сацыялагічныя службы не ўдакладняюць, з чым менавіта можа быць звязана падзенне рэйтынгаў расійскага дыктатара. У апошнія тыдні раздражненне, у тым ліку і ў колах, якія падтрымліваюць вайну, выклікаюць блакіроўкі ў інтэрнэце, нагадваюць журналісты.
Аднай з прычын зніжэння рэйтынгаў улады паліттэхнолаг, які супрацоўнічае з адміністрацыяй расійскага дыктатара, таксама называў абмежаванні мабільнага інтэрнэту і блакіроўку месэнджара Telegram, піша выданне «Медуза». Ён таксама згадваў іншыя фактары, у прыватнасці, рост цэн і стомленасць ад вайны супраць Украіны.