Кітай адмовіўся ратаваць «Газпрам»
3- Віталь Шапран
- 3.11.2026, 9:10
- 6,352
Справа — труба.
На мінулым тыдні ўкраінцаў парадаваў Кітай. На перамовах паміж Пуцінам і прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам кітайскі бок папрасіў не абмяркоўваць праект газаправода «Сіла Байкала».
Кітай не хоча кардынальна павялічваць спажыванне расійскага газу, а ў РФ няма дастатковых сродкаў, каб прафінансаваць сваю частку праекта, і таму яна прэтэндуе на крэдыт з боку КНР.
Сам газавы праект паступова абрастае анекдатычным функцыяналам. У верасні 2026-га ў Крэмлі вырашылі змяніць назву праекта, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў не могуць прадаць КНР, з «Сіла Сібіры 2» на «Сіла Байкала».
Рашэнне прынялі па ініцыятыве Пуціна: напэўна, каб заблытаць маладых аналітыкаў, якія могуць падумаць, што гэта два розныя праекты. На фоне кітайскага маўчання на сцэну зноў выпаўз «Газпрам» і пачаў рэкламаваць свой газ і крытыкаваць газавую палітыку Еўропы.
Цяпер «Газпрам» амаль кожны тыдзень рэкламуе свой газ для Еўропы, таму не дзіўна, што ідэя аднавіць пастаўкі газу з РФ у ЕС з’явілася ў мірных ініцыятывах ЗША.
Прычына такіх паводзінаў «Газпрама» цалкам практычная: кампанія ўпэўнена рухаецца да банкруцтва. Крызісны ўнутраны рынак не ў стане забяспечыць загружанасць усіх радовішчаў «Газпрама», і каб выжыць, кампаніі патрэбны экспарт.
У ўмовах, калі КНР не дае згоды на новы газаправод, варыянт аднаўлення газавага экспарту ў ЕС, куды ўжо пракладзеная труба, — гэта адзіны магчымы для «Газпрама» варыянт выжывання.
Ну а пакуль кампанія актыўна выпісвае ў фінансавых справаздачах даходы, якіх няма, а РФ замест газу ў Украіну «экспартуе» па газавых трубах трупы сваіх салдат.
Віталь Шапран, «Фэйсбук»