Найбольш паспяховы ўчастак фронту: ЗСУ пераламалі сітуацыю пад Купянскам
1- 2.11.2026, 19:31
- 2,494
Ёсць значныя прасоўванні.
Участак фронту ўздоўж ракі Аскол ад Лімана да Купянска стаў самым паспяховым для Украіны ў гэтым годзе.
Пра гэта ў сваім блогу піша аўтарытэтны OSINT-эксперт Клемен Молін.
Год таму расійская армія была блізкая да захопу Купянска, прасоўвалася ў кірунку Баровай і Лімана, а таксама рассякала паўднёвую частку гэтага ўчастка фронту на дзве часткі.
Мінула год, сітуацыя ў раёне Купянска амаль не змянілася: горад па-ранейшаму часткова застаецца шэрай зонай, аднак Украіна вярнула некалькі пазіцый у раёне Баровай і правяла паспяховае контрнаступленне пад Ліманам, спыніўшы прасоўванне расійскіх войскаў на гэтым участку і цалкам абараніўшы горад.

Цяпер на паўднёвым участку гэтага кірунку ў раёне Лімана назіраецца стабілізацыя фронту. Украінскія сілы працягваюць замацоўвацца на адваяваных пазіцыях у лясах на ўсход ад горада і на зімовы перыяд зоймуць абарончыя рубяжы на рацэ Жэрэбец.
Паўночней, у раёне Баровай і ўсходней ад яе, украінскія вайскоўцы правялі шэраг аперацый, якія засталіся амаль незаўважанымі. Для канчатковых высноў пакуль недастаткова пацвярджэнняў, аднак, судзячы паводле наяўных даных, ЗСУ паступова прасунуліся наперад і вярнулі некалькі раней страчаных пазіцый.
Больш складаная сітуацыя застаецца ў раёне Купянска. Тым не менш аперацыя ў тунэлях на поўнач ад горада спыніла паток расійскіх дыверсійна-разведвальных груп і пяхотных падраздзяленняў, якія спрабавалі пранікнуць у горад. Пры гэтым большая частка Купянска, уключаючы яго ўсходнія раёны, па-ранейшаму застаецца шэрай зонай.
Такім чынам, у 2026 годзе сітуацыя на гэтым кірунку істотна палепшылася. У наступным годзе я чакаю новых наступальных аперацый, асабліва паўночней ад Баровай. Іх мэтай стане далейшае адцісканне расійскіх войскаў ад Купянска.