Польшча стварае новую брыгаду на мяжы з Расіяй
- 2.11.2026, 14:15
Варшава адказала на заявы Масквы.
Войскі тэрытарыяльнай абароны Польшчы ствараюць новы кампанент для паўночнай мяжы, у прыватнасці для патрулявання на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі. Пра гэта ў каментары RMF FM паведаміў камандзір новай брыгады, палкоўнік Цэзары Кішковяк.
Так, 4-я Варміньска-Мазурская брыгада тэрытарыяльнай абароны павінна стаць Варміньска-Мазурскай брыгадай памежнай абароны з новымі задачамі па абароне прыгранічнай зоны з РФ. Гэта падраздзяленне не заменіць Памежную службу.
Паводле слоў палкоўніка, рэструктурызацыя завершыцца да канца 2026 года, вайскоўцаў пераўзброяць, а баявая гатоўнасць брыгады будзе дасягнута на працягу наступных двух гадоў.
Нагадаем, нядаўна Масква пагражала НАТА прымяненнем зброі, калі той нібыта «паспрабуе ізаляваць Калінінградскую вобласць». Пры гэтым менавіта Расія ў апошнія месяцы ўзмацняе дыверсіі ў краінах Еўропы, каб адцягнуць іх ад аказання дапамогі Украіне.