Расіянам прапануюць «лімузіны Пуціна»
1- 2.11.2026, 14:37
- 1,740
З велізарнай зніжкай з-за дрэнных продажаў.
Расійскі аўтавытворца Aurus рэзка знізіў цану на лімузін Senat, адным з якіх карыстаецца Уладзімір Пуцін. Замест 50 млн руб. (каля $621 тыс.) аўтамабіль прапануюць набыць за 40 млн (каля $497 тыс.), заўважыў сайт The Moscow Times.
Паводле даных выдання, дзякуючы такому кроку вытворца разлічвае наблізіцца да выканання плана продажаў у 2026 годзе. Пры гэтым прадаўцы папярэджваюць, што ў наступным годзе кошт машыны можа вырасці да 52 млн руб. (каля $646 тыс.). Адначасова пакупнікам прапануюць аформіць заказ на абноўленую версію Senat за 49 млн руб. (каля $608 тыс.), якая паступіць у продаж у красавіку—чэрвені 2027 года. Пасля выхаду стартавая цана на яе складзе мінімум 55 млн руб. (каля $683 тыс.).
Aurus быў распрацаваны інстытутам НАМІ ў партнёрстве з Sollers у межах праекта «Картэж» у 2013 годзе. Фінансаванне праекта склала 12,4 млрд руб. (каля $154 млн). Упершыню лімузін Senat паказалі на інаўгурацыі Пуціна 7 мая 2018 года, а серыйная вытворчасць пачалася ў маі 2021-га ў Елабузе. Заяўлялася, што магутнасць пляцоўкі складае 5 тыс. машын у год. Нягледзячы на тое, што лімузін пазіцыянавалі як айчынны, яго серыйная вытворчасць моцна залежала ад імпартных кампанентаў. Прынамсі да 2023 года для яго закупляліся кузавы, датчыкі, кантролеры, пераключальнікі, зварачнае абсталяванне і іншыя дэталі з Паўднёвай Карэі, Кітая, Індыі, Турцыі і краін ЕС. Пры гэтым з-за цаны ў 50 млн руб. (каля $621 тыс.) попыту на Aurus практычна не было, пісаў тэлеграм-канал «Рускі аўтамабіль».
У выніку, паводле яго даных, у 2025 годзе ў Елабузе было сабрана менш за 150 аўтамабіляў, і яшчэ каля 100 — на пляцоўцы ў Падмаскоўі. У выніку сабекошт выпуску Aurus аказаўся настолькі высокі, што гэта выключыла рэнтабельнасць праекта. З-за гэтага, паводле слоў крыніц «Рускага аўтамабіля», зборчая пляцоўка ў Елабузе можа закрыцца напрыканцы года.
Працоўнікам з Татарстана ўжо прапанавалі пераехаць у Пецярбург, дзе плануюць выпускаць новую мадэль бізнес-класа — Aurus 900 — на тэрыторыі былога завода Toyota ў Шушарах, які з 2023-га належыць НАМІ. Машына створана на базе кітайскай Hongqi H9 і каштуе «ўсяго» 12 млн руб. (каля $149 тыс.). Аднак, як адзначалі крыніцы «Рускага аўтамабіля», Пуцін без новых лімузінаў Aurus не застанецца: пляцоўка НАМІ ў Маскве працягне іх выпускаць па дзяржзаказах ад прэзідэнцкага «Гаража асаблівага прызначэння», іншых дзяржструктур і рэдкіх камерцыйных заказчыкаў.