Ката пакінулі проста на мяжы Беларусі і Польшчы
2
На дапамогу прыйшла пасажырка аўтобуса.
На памежным пераходзе «Варшаўскі мост» паміж Беларуссю і Польшчай невядомы пакінуў ката ў пераносцы. Жывёла апынулася ў памежнай зоне без дакументаў, таму яе не маглі прапусціць на польскі бок.
Каля 40 хвілін відавочцы спрабавалі знайсці чалавека, які пагадзіўся б адвезці ката назад у Беларусь. У выніку адна з пасажырак аўтобуса выйшла са сваімі рэчамі, забрала жывёлу і накіравалася ў бок беларускага пункта пропуску. Гісторыя выклікала вялікі розгалас у Threads, заўважыў Most.

Фатаграфіі ката ў пераносцы апублікавала карыстальніца пад нікам annnnn_bh. На здымках відаць, што жывёла знаходзіцца каля агароджы, побач з праезнай часткай.
«Нейкі вельмі безадказны чалавек пакінуў ката ў пераносцы. Без дакументаў», — напісала дзяўчына.
Па яе словах, ніхто з відавочцаў не ведаў, як кот апынуўся на мяжы і з якога боку яго прывезлі. На польскі бок жывёлу не прапускалі, а аўтобус не мог разгарнуцца, каб вярнуцца ў Беларусь.
Каля 40 хвілін пасажыры спрабавалі спыніць машыну, якая ехала ў бок Беларусі. Яны спадзяваліся, што хтосьці пагодзіцца забраць ката. Хутка знайшлася жанчына, якая вырашыла дапамагчы жывёле. Яна выйшла з аўтобуса разам са сваімі рэчамі, узяла пераноску і накіравалася назад да беларускага памежнага кантролю.
«Нейкая цудоўная жанчына выйшла з аўтобуса з рэчамі, узяла ката і памчала назад. Не ведаю, чым гэтая гісторыя скончыцца і ці прымуць яго ў нас. Але сэрца проста разрываецца», — расказала аўтарка публікацыі.
Ці ўдалося жанчыне прайсці з ім беларускі памежны кантроль, невядома.
Як легальна вывезці жывёлу з Беларусі ў Польшчу
Для перавозкі кошак і сабак з Беларусі ў Польшчу неабходна загадзя падрыхтаваць дакументы і выканаць ветэрынарныя патрабаванні.
Спачатку жывёлу чыпіруюць. Затым робяць прышчэпку ад шаленства. Важна, каб на момант вакцынацыі ў гадаванца ўжо быў мікрачып. Пасля першаснай вакцынацыі неабходна пачакаць не менш за 30 дзён, перш чым здаваць аналіз крыві на антыцелы да шаленства. З 16 верасня 2024 года такі тэст абавязковы для жывёл, якія ўвозяць у ЕС з Беларусі і Расіі.
Пасля адбору крыві для аналізу павінна прайсці не менш за тры месяцы, перш чым жывёлу можна будзе ўвезці ў ЕС. Пры гэтым вынік тэсту павінен пацвердзіць дастатковы ўзровень антыцелаў.
Перад паездкай таксама неабходна аформіць ветэрынарнае сведчанне ўстаноўленага ўзору. Для ўезду ў ЕС яно дзейнічае на працягу 10 дзён з дня выдачы.
Мытнае дэклараванне патрабуецца не заўсёды. Калі жывёлу вывозяць з Беларусі без планаў вяртання, дэкларацыю звычайна не афармляюць. Калі ж уладальнік збіраецца вярнуцца з гадаванцам, дэкларацыя дапаможа пацвердзіць, што гэта тая ж жывёла, якую раней вывезлі з краіны.