Гана прымусіла Пуціна адступіць?
1- 2.11.2026, 11:01
- 3,032
МЗС афрыканскай краіны выступіла з заявай.
Пуцін паабяцаў забараніць грамадзянам Ганы ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Пра гэта ў нядзелю, 1 лістапада, заявіў кіраўнік МЗС Ганы Самуэль Окудзето Аблаква, паведамляе «Нямецкая хваля».
Паводле яго слоў, такую абяцанку Пуцін даў на сустрэчы з прэзідэнтам Ганы Джонам Драмані Махамам у Крамлі па выніках трэцяга саміту Расія – Афрыка. «Гэтая забарона распаўсюджваецца на ўсе абставіны ўдзелу — як праз незаконнае вербаванне, так і па ўласнай ініцыятыве», — паведаміў міністр.
Раней незалежная міжнародная камісія ААН па расследаванні злачынстваў падчас вайны ва Украіне абвінаваціла РФ у гандлі людзьмі праз вербаванне замежных наёмнікаў, якіх падманам адправілі на фронт. Ахвярамі сталі дзясяткі мужчын як мінімум з 29 краін.
У лютым 2026 года выданне «Важныя гісторыі» паведамляла пра наёмніка з Ганы Келвіна Эджырэ. Спачатку ён служыў у расійскай арміі, а затым пачаў рэкламаваць кантракт з Мінабароны РФ сярод суайчыннікаў.
Улады краін Афрыкі лічаць сваіх грамадзян, што ваююць ва Украіне, ахвярамі гандлю людзьмі. Паводле апошніх даных украінскага ўрада, Расія завербавала больш за 28 тысяч замежнікаў з 135 краін, больш як пяць тысяч з іх ужо загінулі. Ва Украіне ў палоне знаходзяцца не менш за 213 замежнікаў, 37 з іх — грамадзяне афрыканскіх краін. Урад Кеніі прасіў Кіеў прызнаць іх ахвярамі гандлю людзьмі, бо на вайну гэтых мужчын завабілі падманам.
Як пісаў Bloomberg, вербаванне грамадзян ПАР і Батсваны займалася дачка былога прэзідэнта ПАР Дудузіла Зума-Самбудла. Яна сцвярджала, што іх накіруюць на курсы падрыхтоўкі целаахоўнікаў, каб у будучыні яны працавалі ў партыі яе бацькі.