Паражаныя пяць з пяці найбуйнейшых НПЗ Расіі
1- 12.11.2026, 14:51
- 1,206
У Генштабе ЗСУ падвялі вынікі атак з канца кастрычніка.
Найбуйнейшыя НПЗ былі паражаныя ЗСУ з канца кастрычніка
З 30 кастрычніка Сілы абароны нанеслі ўдары па пяці найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводах Расіі.
Пра гэта паведаміў Генштаб ЗСУ.
Беспілотнікі дасягнулі Омскага, Кірышскага, Разанскага, Ніжагародскага і Яраслаўскага НПЗ, якія ўваходзяць у пяцёрку самых магутных у краіне.
«Пад ударамі апынуліся і больш дробныя, але не менш важныя для праціўніка Навакуйбышаўскі і Саратаўскі заводы. Сілы абароны сістэматычна выводзяць з ладу расійскую нафтаперапрацоўку», — гаворыцца ў паведамленні.
11 лістапада ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па самым магутным НПЗ Расіі — Омскім.
Ён здольны перапрацоўваць больш за 21 млн тон нафты ў год і мае адзін з самых высокіх паказчыкаў глыбіні перапрацоўкі нафты ў РФ (каля 99%).
Таксама ўжо пацверджаныя вынікі паражэнняў Кірышскага і Саратаўскага НПЗ.
«У ноч на 9 лістапада быў паражаны ТАА «Кінеф» («Кірышынафтааргсінтэз») у Ленінградскай вобласці. Гэты завод мае ўсталяваную магутнасць каля 20 млн тон нафты ў год і забяспечвае больш за 6% усёй нафтаперапрацоўкі Расіі.
Ён вырабляе шырокі спектр нафтапрадуктаў, у прыватнасці паліва для патрэб арміі дзяржавы-агрэсара. У выніку ўдару пашкоджаны ўстаноўка атмасфернай трубчастай перапрацоўкі нафты (АТ), устаноўка першаснай перапрацоўкі нафты ЭЛОУ і дзве ўстаноўкі астуджэння», — адзначылі там.