«Усё ў агні»: паражаны найбуйнейшы НПЗ «Лукойла»
14- 1.11.2026, 8:59
- 17,668
На заводзе ў Кстове бушуе маштабны пажар.
У ноч на 1 лістапада ў горадзе Кстове Ніжагародскай вобласці Расіі грымнула серыя выбухаў і разгарэўся маштабны пажар. У сетцы пішуць пра магчымы ўдар беспілотнікаў па адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў краіны.
Верагодна, гаворка пра НПЗ «ЛУКОЙЛ-Нижегороднефтеоргсинтез», які раней ужо неаднаразова падвяргаўся атакам дронаў. Пра гэта паведаміў OSINT-канал Exilenova+ са спасылкай на паказанні відавочцаў з месца падзей.
«У Кстове быў паспяхова атакаваны Кстоўскі НПЗ», — пішуць аналітыкі.
Акрамя таго, у сетцы з’явіліся кадры атакі на прадпрыемства. На відэароліках і фотаздымках бачны маштабны пажар у месцах трапленняў, а таксама некалькі ачагоў узгарання. Пасля атакі над горадам узняўся густы дым.
Вядома, што перад гэтым у рэгіёне была абвешчана паветраная трывога з-за пагрозы з боку беспілотнікаў. Расійскія маніторынгавыя каналы паведамлялі пра рух дронаў у напрамку Кстовы, аднак афіцыйных паведамленняў ад мясцовых уладаў не паступала.



Што вядома пра НПЗ у Кстове
Завод «ЛУКОЙЛ-Нижегороднефтеоргсинтез» лічыцца чацвёртым па велічыні нафтаперапрацоўчым заводам Расіі і другім па аб’ёмах вытворчасці бензіну. Таксама ён з’яўляецца найбуйнейшым НПЗ кампаніі «Лукойл» па аб’ёмах усталяванай магутнасці. У прыватнасці, праектная магутнасць складае каля 17 млн тон нафты на год. Акрамя таго, прадпрыемства вырабляе дызельнае і авіяцыйнае паліва, змазачныя матэрыялы і іншыя нафтапрадукты.
Вядома, што НПЗ у Кстове адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні расійскай арміі палівам, а таксама ў падтрымцы расійскай эканомікі.
Па стане на 05:00, паводле дадзеных маніторынгавых каналаў, атака дронаў на Кстову працягвалася: у горадзе па-ранейшаму чуліся выбухі. Маштабы пажару і магчымых страт пакуль невядомыя.