Трамп адказаў, ці запросіць Зяленскага на саміт G20
5- 1.11.2026, 8:36
- 18,494
ФОТА: GETTY IMAGES
Адказ амерыканскага лідара быў кароткі і ясны.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што запросіць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на саміт G20, які адбудзецца ў Маямі. Паводле яго слоў, ён не бачыць у гэтым праблемы.
Пра гэта паведамляе Rapid Response 47 у сацыяльнай сетцы Х.
Падчас размовы з прэсай журналісты спыталі, ці запросіць Трамп Зяленскага на саміт G20, бо ЗША запрасілі дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна. Адказ амерыканскага лідара быў кароткі і ясны.
«Я б... так, я б з задавальненнем. Без праблем», — сказаў кіраўнік Белага дома.
Заўважым, што ўчора, 31 кастрычніка, дзяржсакратар Марка Рубіо казаў, што візіт Зяленскага на G20 залежыць ад таго, ці атрымае ён такое запрашэнне ад Трампа. На той момант ён паведаміў, што канчатковага рашэння яшчэ не было.
Нагадаем, што саміт G20 запланаваны на 14–15 снежня ў Маямі. Раней, у верасні, ЗША запрасілі на гэта мерапрыемства дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна. Патэнцыйна паміж Трампам і Пуціным можа адбыцца сустрэча.
Пасля гэтага Зяленскі прапанаваў Пуціну правесці сустрэчу ў межах гэтага саміту, але кіраўнік Крамля адмовіўся. Сам Трамп нядаўна казаў, што не ведае, ці пагодзіцца Пуцін на трохбаковую сустрэчу ў Маямі.