7 кастрычнiка 2026, Серада, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Становіцца відавочнай важная змена ў Беларусі

1
Леанід Судаленка: Становіцца відавочнай важная змена ў Беларусі
Леанід Судаленка

Годная праца вымяраецца не толькі лічбамі ў разліковым лістку.

У Сусветны дзень дзеянняў за годную працу, які адзначаецца 7 кастрычніка, юрыст Асацыяцыі Salidarnast Леанід Судаленка у размове з «Салідарнасцю» растлумачыў, чаму за апошнія гады працаўнікі ў краіне сталі яшчэ больш залежнымі ад улады.

– Гэты дзень – добрая нагода паглядзець не толькі на памер заробку або ўмовы на працоўным месцы. Годная праца – гэта яшчэ і магчымасць свабодна выбіраць працу, абараняць свае інтарэсы, аб’ядноўвацца з іншымі працаўнікамі і не баяцца страціць працу праз свае погляды. Што засталося ад гэтых гарантый сёння?

Кантрактная сістэма, якая сёння існуе ў краіне, ставіць чалавека ў больш залежнае становішча, чым бестэрміновыя працоўныя адносіны. Працаўнік можа гадамі працаваць на адным прадпрыемстве, выконваць адну і тую ж пастаянную працу, але ўсё адно памятае: настане дата заканчэння кантракта, і наймальнік можа яго не працягнуць.

Гэта асабліва адчувальна там, дзе наймальнікам фактычна з’яўляецца дзяржава. Так узнікае вельмі просты механізм лаяльнасці. Не абавязкова звальняць чалавека сёння, часам дастаткова даць яму зразумець: хутка заканчваецца кантракт.

Пры гэтым Міжнародная арганізацыя працы (МАП) звяртала ўвагу і на абмежаванні магчымасці працаўніка па ўласнай ініцыятыве спыніць некаторыя тэрміновыя працоўныя адносіны. Пытанне тут шырэйшае за юрыдычныя фармулёўкі: наколькі свабодны працаўнік, калі наймальнік можа не працягнуць з ім адносіны, а магчымасці самога працаўніка выйсці з іх абмежаваныя?

Яшчэ адна асаблівасць цяперашняга рэжыму – шматгадовая барацьба дзяржавы з так званым «дармаедствам». Дзяржава вызначае, наколькі дастаткова чалавек удзельнічае ў эканоміцы, і звязвае гэты статус, у прыватнасці, з аплатай камунальных паслуг. Атрымліваецца дзіўная логіка, калі чалавек, напрыклад, страціў працу або не можа яе знайсці.

Але замест пытання: чаму чалавек застаўся без працы і ці патрэбная яму дапамога? – дзяржава задае іншае: чаму ты не працуеш? Права на працу паступова ператвараецца ў абавязак даказаць дзяржаве сваю эканамічную карыснасць.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года працоўнае месца для многіх перастала быць прасторай, аддзеленай ад палітычнай пазіцыі чалавека. Удзел у забастоўках і пратэстах, публічная грамадзянская пазіцыя, дзейнасць незалежных прафсаюзаў маглі мець наступствы далёка па-за межамі звычайнай працоўнай спрэчкі.

Асабліва сур’ёзным ударам стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў. МАП працягвае разглядаць становішча са свабодай аб’яднання ў Беларусі ў спецыяльным парадку. Пасля забароны незалежных прафсаюзаў у Беларусі працаўнікі фактычна пазбаўлены магчымасці легальна ствараць і выбіраць незалежныя ад дзяржавы арганізацыі для свайго прадстаўніцтва.

Яшчэ некалькі гадоў таму можна было спрачацца аб рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, умовах іх дзейнасці, калектыўных дагаворах, цяпер жа пытанне стаіць значна больш жорстка. МАП фіксавала арышты і крымінальны пераслед незалежных прафсаюзных лідараў і актывістаў. У 2022 годзе Адміністрацыйная рада МАП заклікала Беларусь вызваліць прафсаюзных лідараў і членаў прафсаюзаў, затрыманых у сувязі з ажыццяўленнем імі грамадзянскіх свабод і законнай прафсаюзнай дзейнасці.

У лістападзе 2025 года МАП, адзначаючы вызваленне прафсаюзных лідараў Аляксандра Ярашука і Генадзя Фядыніча, ізноў заявіла, што ўлада не прадставіла новай інфармацыі аб выкананні ключавых рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Утвараецца прынцыпова новая сітуацыя: гаворка ўжо не толькі пра тое, наколькі эфектыўна прафсаюз можа абараняць працаўніка, а пра саму магчымасць існавання незалежнага прафсаюза.

Калі кажуць пра годную працу, размову часта зводзяць да заробку, памер якога мае значэнне. Але годная праца – гэта яшчэ і годнасць самога працаўніка, магчымасць выбіраць, дзе працаваць, магчымасць сысці ад наймальніка і не баяцца непрацягнення кантракта з-за сваіх поглядаў. Магчымасць аб’яднацца з калегамі ў незалежны прафсаюз, магчымасць не апынуцца з-за страты працы ў дзяржаўным спісе «не занятых у эканоміцы».

Калі паглядзець на карціну цалкам, становіцца відавочнай важная змена. Кантрактная сістэма і барацьба з «дармаедствам» існавалі і раней, яны рабілі працаўніка залежным перадусім эканамічна і адміністратыўна. Пасля 2020 года да гэтага дадаўся новы фактар — рэзкае звужэнне прасторы для незалежнай калектыўнай абароны працаўнікоў.

У 2022 годзе былі ліквідаваныя незалежныя прафсаюзныя структуры, і ў дачыненні да Беларусі быў ужыты 33-ці параграф Статута МАП (увядзенне эканамічных і іншых мер, накіраваных на тое, каб урад Беларусі выконваў свае міжнародныя абавязанні ў галіне захавання правоў працоўных – С.).

У 2025–2026 гадах наглядныя органы МАП працягвалі разглядаць сітуацыю, у тым ліку ўказваючы на адсутнасць умоў для паўнавартаснага незалежнага прадстаўніцтва працаўнікоў. Таму годная праца вымяраецца не толькі лічбамі ў разліковым лістку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲