Украіна атрымае ад ЕС новы пакет дапамогі
- 7.10.2026, 17:49
Брусель накіруе грошы на перааснашчэнне ўкраінскай арміі.
Еўрапейская камісія выдзеліла Украіне 1,24 мільярда еўра на перааснашчэнне арміі. Сродкі паступяць з пакета крэдытаў на 90 мільярдаў еўра, разлічанага на гэты і наступны гады, паведамляе «Беларуская служба Польскага радыё».
Пра выдзяленне дапамогі паведаміў прадстаўнік Еўракамісіі Балаш Уйварі.
«Сродкі будуць накіраваныя на закупку беспілотнікаў, абсталявання для перахопу дронаў, боепрыпасаў да іх, а таксама ракет украінскай вытворчасці», — адзначыў ён.
Уйварі падкрэсліў, што падтрымка абароназдольнасці Украіны застаецца прыярытэтам для ЕС.
«Гэта фінансаванне дапаможа Украіне задаволіць надзённыя патрэбы на полі бою і ўзмацніць абарону ад расійскіх атак», — заявіў прадстаўнік Еўракамісіі.
Агульная сума сродкаў, даступных для перадачы Украіне ў гэтым годзе, складае 28 мільярдаў еўра. Больш за 15 мільярдаў з іх прызначаныя для ваеннай падтрымкі, крыху менш за 13 мільярдаў — для забеспячэння асноўных дзяржаўных паслуг.
У Еўракамісіі таксама паведамілі, што з 2022 года, калі Расія пачала поўнамаштабную вайну, Еўрапейскі саюз і краіны-члены ЕС аказалі Украіне падтрымку на агульную суму больш за 220 мільярдаў еўра.