7 кастрычнiка 2026, Серада, 17:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя беларускай спартсменкі, якая зрабіла фурор у Польшчы

Гісторыя беларускай спартсменкі, якая зрабіла фурор у Польшчы
Карына Козлоўская. Фота: Inpost

Карына Козлоўская прайшла праз цяжкую эміграцыю і вярнулася на вяршыню.

Карына Козлоўская выйграла сем залатых медалёў з сямі магчымых на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука. Але да гэтага былі цяжкая эміграцыя, канфлікт з кіраўніком клуба, суд і амаль два гады без трэніровак. Пра тое, як яна вярнулася ў спорт, беларуска распавяла «Радыё Свабода».

Лучніца з Беларусі Карына Козлоўская стала першай спартсменкай у гісторыі Польшчы, якая выйграла сем з сямі залатых медалёў на чэмпіянаце краіны. На фота ў навінах — усміхнёная дзяўчына ў панамцы, абвешаная медалямі. Перад гэтай гучнай перамогай Карына таемна выехала з Беларусі, амаль завяршыла спартыўную кар’еру, перажыла дэпрэсію, суд супраць трэнера і амаль два гады без трэніровак.

Карыне 26 гадоў, яна родам з Мінска. У стральбе з лука з 12 гадоў, майстар спорту міжнароднага класа. У 2019 годзе выйграла золата на Гран-пры Еўропы. У 2021 годзе выступала за Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіа, дзе зборная заняла чацвёртае месца. Козлоўская падпісала ліст спартсменаў супраць гвалту. У 2022 годзе выехала з Беларусі ў Польшчу. Цяпер трэніруецца ў клубе горада Жывец на поўдні Польшчы, выступае як польская спартсменка.

Гарой адзін за аднаго

«Калі я страляла, была моцная навальніца, пачаўся моцны дождж. І я чула, як уся каманда стаіць ззаду пад парасонамі, і ўсе перажываюць, падтрымліваюць. Было вельмі здорава», — распавядае Карына пра атмасферу на апошніх спаборніцтвах.

Чэмпіянат Польшчы па стральбе ў гэтым годзе праходзіў на пачатку верасня ў Беластоку. Карына Козлоўская выступала за польскі клуб «Лучнік-Жывец». І выйграла ва ўсіх дысцыплінах. Гэта была стральба на дыстанцыях 70, 60, 50 і 30 метраў (так званыя «малыя медалі», за якія не прысвойваюць тытул чэмпіёна Польшчы), а таксама стральба ў жаночай камандзе, у змешанай камандзе і ў асабістым заліку сваёй узроставай катэгорыі (гэта тры найважнейшыя медалі). Некаторыя залатыя медалі былі індывідуальнымі, а некаторыя — каманднымі. Яшчэ адзін хлопец з клуба Карыны, Матэвуш Мендзяк, таксама ўзяў усе тры «вялікія» залатыя медалі.

«Я вельмі доўга да гэтага рыхтавалася. Мне вельмі моцна дапамог трэнер зборнай Сяргей Васілевіч Антонаў з Украіны — у падрыхтоўцы, у тэхніцы. Таксама справа была ў тым, як я рыхтавалася сама, як працавала са спецыялістамі па спартыўнай псіхалогіі», — дзеліцца Карына тым, як ёй удалося забраць усё золата.

Такая яскравая перамога не была для дзяўчыны чымсьці відавочным, хоць перад гэтым яна выйграла яшчэ і фінал Кубка Польшчы. У канцы чэмпіянату сярод удзельнікаў ішла цяжкая барацьба за перамогу.

«Стральба з лука — такі спорт, што можна прайграць у першай дуэлі — у 1/16 або 1/32, і на гэтым спаборніцтвы заканчваюцца. Бывае, самы слабы супернік збіраецца і пачынае страляць лепш за цябе. Невядома, як пойдзе, як мы зможам сабрацца з дзяўчынкамі, каб добра страляць. У нас была моцная каманда. Але, бывае, адзін чалавек не сабярэцца — і ўсё», — тлумачыць нюансы спорту суразмоўца.

Лучніца адзначае, што вельмі важна, як паплечнікі падтрымліваюць адно аднаго. Ёй пашанцавала з добрымі камандамі і ў Беларусі, і ў Польшчы.

«У нас паехала група людзей, якія гарой адно за аднаго стаялі. Калі ў кагосьці нешта не атрымлівалася, то ўся каманда прыходзіла і ўсе падтрымлівалі. Гэта было быццам не індывідуальны спорт, а камандны, як у валейболе або баскетболе», — распавядае суразмоўца пра апошні чэмпіянат.

У канцы чэмпіянату адбываецца традыцыйная «стрэльба па курам», працягвае лучніца. Усіх прызёраў чэмпіянату дапускаюць страляць па малюнку з выявай пеўня. У гэты час яны могуць мяняцца лукамі, забаўляцца, смяяцца. І гэта выглядае хутчэй як забава, а не спаборніцтва.

Два гады без трэніровак

Апошні год Карына рыхтавалася да спаборніцтваў, але папярэднія два гады ў яе фактычна выпалі са спартыўнага жыцця. Яна ўжо нават завяршала спартыўную кар’еру ў 2023 годзе. Аднак летась дзяўчына вырашыла выступіць на іншым чэмпіянаце Польшчы — па стральбе ў памяшканні — і нечакана выйграла золата. Пасля гэтага яна зноў вярнулася ў актыўны спорт.

«Тады была цяжкая сітуацыя, звязаная з клубам, з тым, што я не хацела страляць з лука, трэніравацца. У мяне не ішло», — успамінае суразмоўца.

У 2022 годзе ў Карыны пачаўся канфлікт з Янам Ляхам, старшынём клуба «Лучнік», у якім яна дагэтуль трэніруецца. Беларуска называе гэта разыходжаннем інтарэсаў. Кажа, што ёй было складана страляць, бо старшыня звычайна быў незадаволены вынікамі. Таксама ён падкрэсліваў непольскае паходжанне Карыны, як і іншых прыезджых удзельнікаў клуба. Пазней, калі ў Козлоўскай з’явіўся спартыўны спонсар, то старшыня хацеў браць з яе за трэніроўку ў клубе большыя ўнёскі, чым з іншых.

Козлоўская тады ўзяла бальнічны па хваробе, а потым своечасова не вярнулася на трэніроўкі. Яна мусіла атрымаць дазвол працягваць спартыўныя заняткі ад бальніцы, але для гэтага ёй быў патрэбны ад трэнера ліст, які той не хацеў даваць, распавядае Карына. Калі яна ўрэшце вырашыла звольніцца з клуба, трэнер яе звольніў за парушэнні дысцыпліны, а не па згодзе бакоў. Ян Лях раней сказаў у каментары выданню «Трыбуна», што ён звольніў Козлоўскую на дысцыплінарнай падставе, бо яна несвоечасова выйшла на працу.

«Ён звольніў мяне за прагулы, якіх насамрэч не было», — каментуе суразмоўца.

Козлоўская звярнулася ў суд, каб абскардзіць падставу свайго звальнення і перакваліфікаваць артыкул. Суд разглядаў справу каля года і ўрэшце стаў на яе бок.

Карына дзеліцца ўспамінам, што ў цэлым падчас эміграцыі ў яе быў моцны стрэс, хоць яна спадзявалася, што адаптацыя пойдзе лягчэй. Калі вырашыла завяршыць кар’еру, то адчувала сябе слаба, шмат часу ляжала ў ложку, не займалася фізічнай актыўнасцю. Выбірацца было цяжка. Кажа, што яе моцна падтрымліваў яе хлопец, таксама лучнік, які трэніруе дзяцей у іх клубе.

«Усё трэба было рабіць вельмі паступова. Я выходзіла на прагулкі. Сёння пройду 5 кіламетраў, потым больш. З сабакам шмат гуляла. Потым пайшла на звычайную працу. Гэта дапамагло мне «перазагрузіцца». Трэба з сабой размаўляць у такія моманты — што ўсё будзе добра», — распавядае Карына.

Мінулагодняя перамога на чэмпіянаце стала для Козлоўскай крокам да вяртання ў спорт. Яна не ставіла сабе адразу высокіх планак і рыхтавалася да стараннай працы. А праз год паказала вынікі, якіх у польскіх спартсменаў яшчэ не было.

«Было такое захапленне, што я магу, што я вяртаюся да таго, як я раней страляла. Гэта ўпэўненасць у сабе. Да гэтага ў мяне былі цяжкія гады, калі на спаборніцтвах рэдка бывалі добрыя вынікі. Пасля доўгага перапынку я змагла адчуць перамогу, адчуць, што я малайчына, што я справілася, што я прарабіла вялікую працу», — прызнаецца яна.

Спартыўная сям’я

Карына лічыць, што прыродны талент да стральбы ў яе ёсць. Калі прыйшла ў спорт, яе вынікі хутка паляпшаліся. Важнай яна лічыць працу трэнера, які заўважыў яе талент. Акрамя таго, як яна мяркуе, узровень падрыхтоўкі ў Беларусі ў гэтым відзе спорту крыху вышэйшы, чым у Польшчы. У 16 гадоў Карына стала майстрам спорту па стральбе, а ў 19 — майстрам спорту міжнароднай катэгорыі.

«Да звання заслужанага ў мяне справа не дайшла, але нічога страшнага», — усміхаецца спартсменка.

Карына ўспамінае, што ў стральбу з лука яна трапіла амаль выпадкова. З дзяцінства маці вадзіла яе ў розныя спартыўныя гурткі: гімнастыку, плаванне, тхэквандо. У іх сям’і было шмат спартсменаў: дзед займаўся лёгкай атлетыкай, прабабуля бегала, прадзед гуляў у футбол, маці гуляла ў гандбол і валейбол.

«Мой дзядуля лічыў, што ў мяне вялікі талент у спорце і характар, і трэба яго выкарыстаць, трэба аддаць мяне на нейкі спорт, каб мне спадабалася — і «100%, што ў яе пойдзе»», — успамінае дзяўчына.

Але маленькай Карыне нічога не падабалася, нідзе яна доўга не затрымлівалася. Урэшце маці сказала, каб дзяўчына сама сабе знайшла нейкі занятак. Так Карына вырашыла схадзіць на трэніроўку з аднакласніцай, якая займалася стральбой.

«Можна мне паспрабаваць пастраляць? Гучыць прыкольна», — ўзгадвае яна пачатак заняткаў. — Мая трэнер была вельмі строгая, сур’ёзная жанчына, дзеці яе баяліся. Першыя спаборніцтвы памятаю: неяк у мяне не ішло. Не было так, што ўзяла лук у рукі — і паляцелі дзясяткі. Вельмі паступова. Я страляла, страляла і падумала: цікава, трэба застацца».

Зараз стральба з лука прыдаецца дзяўчыне і ў іншых сферах жыцця. Гэты спорт вучыць яе канцэнтравацца, адключацца ад навакольнага свету. Гэта дапамагае Карыне ў вучобе. Таксама трэніроўкі развіваюць у ёй вытрымку, пасля іх яна лепш сябе адчувае.

«Хачу пазмагацца за гэтую краіну»

Зараз Карына будзе вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці «кіраванне» ў горадзе Бельска-Бяла. Гэта ў 20 кіламетрах ад гарадка Жывец, дзе дзяўчына жыве і трэніруецца. Некалькі дзён на тыдзень у яе свабодныя ад вучобы. Тады ў лучніцы па дзве трэніроўкі па стральбе, і дадаткова яна ідзе ў басейн або трэнажорную залу. У вольны час любіць хадзіць з сям’ёй у горы, бо яны побач. Кажа, што вельмі любіць збіраць канструктары Lego, але на паліцах для іх ужо няма месца.

Перад гэтым Карына скончыла ў Польшчы ўніверсітэт па напрамку «англійская філалогія», спецыялізавалася ў перакладзе на польскую мову, хоць пры пераездзе ў Польшчу ведала па-польску толькі «прывітанне», «бывай», «як справы?». На радзіме вучылася ў будаўніча-архітэктурным каледжы, але не паспела скончыць Універсітэт фізічнай культуры.

Карына адзначае, што зарабляць на стральбе з лука ў Польшчы складана. Члены польскай зборнай не атрымліваюць пастаянных выплат. Ім можа плаціць заробак клуб, у якім яны трэніруюцца. Яны могуць зарабляць грошы як трэнеры. Многія спартсмены занятыя на іншых працах, а на спаборніцтвы ездзяць у свой адпачынак.

У гэтым годзе на чэмпіянаце Польшчы за свае перамогі Козлоўская атрымала каля 1100 еўра. Але 10% ад гэтай сумы трэба было аддаць на падаткі. За фінал Кубка Польшчы спартсменка атрымала каля 550 еўра, з якіх таксама ўтрымалі падаткі.

Першым часам Карына атрымлівала заробак у сваім клубе. Таксама ён аплачваў дзяўчыне арэнду здымнай кватэры. Аднак пасля канфлікту з трэнерам яна больш не атрымлівае ні заробку, ні грошай на арэнду. Каб сябе ўтрымліваць, раней Карына працавала барыста ў кавярнях, у рэстаране, у сетцы невялікіх крамаў-кавярняў «Жабка».

Пасля мінулагодняй перамогі на чэмпіянаце Козлоўскай прапанавала супрацоўніцтва буйная польская кампанія Inpost, якая займаецца дастаўкай пасылак. Карына кажа, што не можа раскрываць дэталяў гэтага супрацоўніцтва. Але дзякуючы яму дзяўчыне хапае сродкаў на жыццё і яна можа больш засяродзіцца на спорце. Падчас нашай гутаркі на ёй майка з лагатыпам гэтай кампаніі.

Карына плануе будучыню ў Польшчы. Хацелася б пераехаць у большы польскі горад. Кажа, што ёй падабаецца гэта краіна, для яе гэта другі дом. Яна ўжо атрымала польскае грамадзянства. Карына з дзяцінства ведала, што яна напалову полька, бо частка яе продкаў былі палякамі. Цяпер лічыць сябе ўжо больш польскай спартсменкай.

«Я разумею, што дарога ў Беларусь для мяне даўно зачыненая. Мне тут (у Польшчы. — РС) вельмі падабаецца. Я разумею, што тут маё месца ў свеце. Хачу паспрабаваць пазмагацца за гэтую краіну, і на міжнародных спаборніцтвах, і на польскіх. Па лініі маці ў мяне ўсе былі палякі, акрамя бабулі. Таму я лічу, што сям’я проста вярнулася на сваё месца», — кажа Карына пра іх эміграцыю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲