Даходы чыноўнікаў яшчэ больш схаваюць ад вачэй беларусаў
4- 7.10.2026, 11:58
- 1,088
У краіне хочуць адмяніць штогадовыя дэкларацыі аб даходах чыноўнікаў.
Беларускія ўлады хочуць адмовіцца ад штогадовага дэкларавання даходаў чыноўнікаў. Пра гэта заявіў генпракурор Дзмітрый Гора на сумесным пасяджэнні «палат». Сваю прапанову ён падаў як «удасканаленне антыкарупцыйнага заканадаўства».
Цяпер дзяржслужбоўцы, кіраўнікі дзяржаўных арганізацый, сілавікі і некаторыя іншыя катэгорыі службовых асоб абавязаныя штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці. У шэрагу выпадкаў такая абавязковасць распаўсюджваецца і на іх мужа або жонку, а таксама на паўналетніх блізкіх сваякоў, якія жывуць разам з імі і вядуць агульную гаспадарку. Праўда, і сёння гэтыя дэкларацыі не публікуюцца: яны застаюцца ў дзяржаўных органах, а грамадства не бачыць ні даходаў чыноўнікаў, ні іх маёмасці.
Замест гэтага прапануецца «маніторынг фінансавага становішча» дзяржслужбоўцаў. Які орган будзе гэтым займацца, да якіх дадзеных атрымае доступ і як будзе выяўляць незаконнае ўзбагачэнне, у Генпракуратуры не патлумачылі. Чыноўнікаў будуць правяраць тыя ж прадстаўнікі ўлады — без знешняга кантролю і без якой-колечы празрыстасці.
Адначасова рэжым змякчыў забарону на рахункі ў замежных банках для дзяржслужбоўцаў і работнікаў дзяржаўных арганізацый. Цяпер яны змогуць атрымліваць за мяжой грошы па выканаўчых дакументах, сацыяльныя і страхавыя выплаты, а таксама спадчыну.
Вынік пакуль выглядае так: чыноўнікам стала зручней, а ці стане прасцей выяўляць карупцыю — застаецца неясна.