Малочны Шлях на пачатку сваёй гісторыі выглядаў інакш: якой была наша галактыка
1- 5.10.2026, 11:25
Фота: IFLS
Вучоныя стварылі шэраг унікальных сімуляцый.
Астраномы з Чыкагскага ўніверсітэта (ЗША) стварылі шэраг унікальных сімуляцый, якія дазваляюць убачыць, як фармаваўся Малочны Шлях на працягу першых двух мільярдаў гадоў гісторыі нашай галактыкі. Вынікі даследавання апублікаваныя у часопісе The Open Journal of Astrophysics, піша Phys.
Узрост нашай галактыкі Малочны Шлях складае прыкладна 13,6 мільярда гадоў, у той час як узрост Сусвету ацэньваецца ў 13,8 мільярда гадоў. Малочны Шлях — гэта вялізная спіральная галактыка дыяметрам каля 100 000 светлавых гадоў, якая складаецца з некалькіх сотняў мільярдаў зорак. Але ў самым пачатку сваёй гісторыі наша галактыка выглядала зусім інакш.
Вобласць космасу, якая ўрэшце стала Малочным Шляхам, уяўляла сабой скупчэнне тысяч невялікіх галактык, як паказаў шэраг камп'ютарных сімуляцый, створаных вучонымі. Высветлілася, што некаторыя галактыкі ўтваралі велізарную колькасць зорак, а іншыя былі запоўнены толькі міжзоркавым газам або рэшткамі загінулых зорак і чорнымі дзіркамі. Усе гэтыя галактыкі з часам зліліся ў адну велізарную структуру, якой з'яўляецца наша галактыка. Частка гэтых галактык цяпер знаходзіцца вакол Малочнага Шляху.
Вучоныя кажуць, што гэтыя сімуляцыі з'яўляюцца найбольш дэталёвай на сёння мадэллю эвалюцыі Малочнага Шляху на працягу першых двух мільярдаў гадоў яго існавання.

Паколькі астраномы не могуць адправіцца ў мінулае, каб непасрэдна вывучаць пачатак Сусвету, яны выкарыстоўваюць даныя касмічных тэлескопаў, што даследуюць святло, якое рухалася да нас мільярды гадоў. Гэтыя даныя, а таксама вядомыя фізічныя працэсы былі ўключаныя ў сімуляцыі.

Відэа вышэй дэманструе частку сімуляцыі вобласці космасу, якая стала часткай Малочнага Шляху. Працэс фармавання нашай галактыкі ахоплівае перыяд ад 180 мільёнаў да двух мільярдаў гадоў пасля Вялікага выбуху. Фіялетавыя ніткі — гэта гарачы газ, белы колер абазначае ультрафіялетавае выпраменьванне зорак, а жоўты — ззянне гарачых атамаў кіслароду. Успышкі белага і жоўтага колераў узнікаюць па меры таго, як газ астывае і сціскаецца, утвараючы зоркі. Потым зоркі награваюць газ, і цыкл паўтараецца.
Варта адзначыць, што астраномы не могуць убачыць увесь Малочны Шлях, бо мы жывём унутры галактыкі. Але пра яе форму і структуру вучоныя ведаюць дзякуючы назіранням за іншымі падобнымі галактыкамі.