3 кастрычнiка 2026, Субота, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі ў адказе Пуціну згадаў Беларусь

1
Зяленскі ў адказе Пуціну згадаў Беларусь
Фота: Getty Images

Прэзідэнт Украіны ўзгадаў пра выступ кіраўніка Крамля на форуме Валдайскага клуба.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на заяву Уладзіміра Пуціна пра тое, што Украіна нібыта не з'яўляецца дзяржавай. Паводле слоў украінскага лідара, расійскі дыктатар імкнецца да аднаўлення Савецкага Саюза. Пра гэта ён заявіў падчас Хельсінкскага форуму па бяспецы. У сваім адказе Зяленскі згадаў і Беларусь.

Зяленскі адзначыў, што для Пуціна вялікай праблемай з'яўляецца незалежная і моцная Украіна, а мэты дыктатара застаюцца нязменнымі.

Ён нагадаў пра выступ Пуціна на форуме Валдайскага клуба 1 кастрычніка. Паводле слоў Зяленскага, у ім прагучалі «вельмі важныя адказы ўсяму свету і перадусім ЗША і некаторым скептыкам у Еўропе і свеце».

«Я думаю, Пуцін проста так вырашыў сказаць... пра тое, што Украіна не з'яўляецца дзяржавай і не з'яўляецца самастойнай дзяржавай, таму пра што можа ісці гаворка, калі іншыя краіны ваююць украінцамі супраць Расіі. Ён часам дае такія пасылы. Але ўчора ён быў вельмі ўпэўнены ў гэтым пасыле. Ніхто гэты пасыл не спыняе, на жаль. І ў гэтым ёсць слабасць свету», — сказаў прэзідэнт.

У гэтым кантэксце ён узгадаў словы расійскага дыктатара 2005 года, калі той назваў распад Савецкага Саюза «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай» ХХ стагоддзя. Зяленскі лічыць, што ўжо тады Пуцін «геапалітычна абазначыў свае галоўныя мэты».

«Звярніце ўвагу: ён не сказаў пра Першую сусветную вайну як пра трагедыю ХХ стагоддзя. Ён не прызнаў Другую сусветную вайну [такой трагедыяй]. Я ўжо не кажу пра іншыя войны, якія былі: ён мог успомніць і Афганістан і гэтак далей. Чарнобыль — жудасная трагедыя, абсалютна. Гэта значыць, [Пуцін не назваў] нічога з таго, што было звязанае з чалавекам, так? А ён успомніў распад Савецкага Саюза як галоўны калапс ХХ стагоддзя. І таму, відавочна, зразумелая яго мэта — вярнуць Савецкі Саюз. І таму яго мэта не ўсход Украіны, яго мэта не Данбас, яго мэта — акупацыя ўсёй нашай дзяржавы», — патлумачыў украінскі кіраўнік.

Ён адзначыў, што новая заява Пуціна пра тое, што Украіны нібыта не існуе, з'яўляецца «яшчэ адным тыповым доказам таго, чаго ён хоча, яго стаўлення, ці хоча ён міру, ці хоча ён заканчэння вайны».

Паводле меркавання Зяленскага, нават калі Пуцін хоча міру, дык цаной вяртання ўплыву Савецкага Саюза або атрымання Расіяй суразмернага ўплыву.

«То бок вяртанне Украіны, акупацыя Казахстана. Яго ўплыў у Беларусі татальны, але я думаю, што ён хоча ўсё гэта назад. І таму існуюць такія рызыкі і для краін Балтыі, і для краін, з якімі ў РФ ёсць межы, праз яго ўплыў. І вось у чым небяспека. Я думаю, што скепсіс павінен ва ўсіх прайсці. І ўсе павінны разумець, што адбываецца», — дадаў прэзідэнт.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲