«Жаночую піўную» ў Мінску могуць закрыць
12- 3.10.2026, 17:08
- 1,564
Беларускія жанчыны не ацанілі ўстанову.
Бар «Жаночая піўная» ў Мінску можа ў хуткім часе спыніць існаванне. Смутнай навіной падзялілася ў Instagram адна з суўладальніц, Аляксандра Цямчык, піша tochka.by.
«"Жаночая піўная" зачыняецца. На жаль, гэта не клікбэйт, гэта вельмі верагоднае развіццё падзей на найбліжэйшыя некалькі месяцаў», — заявіла прадпрымальніца.
Установа працуе не так даўно: як распавяла Цямчык, 2 кастрычніка ёй споўнілася толькі паўгода. Па прыбытку яны прайшлі вельмі няроўны шлях.
Як высветлілася, больш за ўсё зарабіць удалося ў жніўні. Прычына апынулася простай: пра бар даведаліся многія дзяўчаты з Расіі, менавіта з гэтай краіны была большасць наведвальніц. Ужо ў верасні прыбытак упаў удвая.
«Вядома, дасведчаныя прадпрымальнікі скажуць, што калі праекту няма і года, то вельмі складана судзіць пра яго далейшы лёс. Аднак наш праект не меў абсалютна ніякіх інвестыцый. Мы з маёй бізнес-партнёркай Юліяй цалкам пабудавалі гэты праект самі. На абсалютна ўсе грошы, якія ў нас былі», — растлумачыла сітуацыю Цямчык.
Прыбытак піўной сыходзіў на пагашэнне даўгоў, якія давялося ўзяць на адкрыццё. І хоць усе месяцы, акрамя верасня, установа працавала ў плюс, назапасіць не атрымалася. Пры гэтым запазычанасцяў перад пастаўшчыкамі і па арэндзе памяшкання ў яе няма.
Нягледзячы на крызіс, уладальніцы не збіраюцца так проста здавацца і шукаюць інвестара, які, акрамя грошай, мог бы дапамагчы і ідэямі.
«Канкрэтна цяпер патрэбныя грошы, каб даць новы імпульс праекту для развіцця ў міжсезонне», — адзначыла Аляксандра.