25 кастрычнiка 2026, Нядзеля, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У маім дзяцінстве пра такія самадзелкі казалі: пафарбаваць і выкінуць»

5
«У маім дзяцінстве пра такія самадзелкі казалі: пафарбаваць і выкінуць»

Майстар-клас лукашыстаў па паказухе.

На днях мінскія дзяржаўныя СМІ зноў пахваліліся, як у сталіцы ў межах конкурсу на найлепшую лаўку з’яўляюцца «новыя арт-аб’екты» і ствараецца «камфортнае гарадское асяроддзе». Прадпрыемствы робяць дызайнерскія лаўкі, як яны іх уяўляюць: хто з шын, хто з аўтамабільнага крэсла на ланцугах, хто ў леапардавай афарбоўцы і з лагатыпам Года беларускай жанчыны.

Гэта, вядома, не так смешна, як «цёплая лаўка» ў Брэсце, зробленая кампаніяй па вырабе надмагільных помнікаў.

Але і да мінскага крэатыву (а конкурс праводзіцца штогод, асобна ў кожным раёне горада) таксама ёсць пытанні.

Вось, у прыватнасці, свежыя аб’екты захаплення выдання «Мінск-Навіны» — лаўка з кветнікамі і ліхтар з арнаментам. Заяўляецца, што гэта ўклад у эстэтыку гарадской прасторы. Сур’ёзна? Адзін ліхтар у скверы, падсвечаны ўвечары ў чырвона-зялёных колерах?

Але хай сабе эстэтыка — густ у беларускіх рэаліях на другім месцы пасля ідэалогіі. А як наконт зручнасці? Аказваецца, нават простую лаўку можна сапсаваць.

Проста ўявіце сябе на гэтай лаўцы ў дождж, вецер, снег або пад пякучым сонцам — увогуле, у любое рэальнае беларускае надвор’е. І высветліцца, што навес не абараняе ані ад чаго. У маім дзяцінстве пра такія самадзелкі казалі: пафарбаваць і выкінуць.

Бо рабілася гэта ўсё не дзеля камфорту людзей, а выключна дзеля паказухі і дэманстрацыі лаяльнасці кампаніі-ўдзельніцы. Маўляў, з намі ўсё нармальна, падтрымліваем ключавыя гарадскія праекты, нясём сацыяльную адказнасць і «ўмацоўваем пачуццё гонару за родную зямлю». А каму не падабаецца дынамічнае развіццё ўлюбёнай сталіцы, можа і ў іншых месцах паседзець, а не на нашай цудоўнай лаўцы.

І сапраўды так — па ўсім горадзе. Па ўсёй краіне. Нібы абавязковы бесперапынны агляд вернападданых, узведзены ў трохзначную ступень абсурду. То «надмагільны камень» жанчынам ад ЖКГ, то манекен у касцюме з каўбасы на «Дажынках», то «запаведны спецназ» на дзіцячай пляцоўцы ў Белавежскай пушчы.

Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲