Латвія заўважыла падазроную актыўнасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю
3- 24.10.2026, 15:50
Дзяржаўная пагранічная ахова Латвіі апублікавала даныя.
За мінулыя суткі, 23 кастрычніка, Дзяржаўная пагранічная ахова Латвіі зафіксавала 50 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі.
Праведзены «Позіркам» аналіз статыстычных даных, якія штодня абнаўляюцца, паказаў, што гэта найбольшы паказнік з 10 кастрычніка, калі было зафіксавана 58 такіх спробаў. У прамежку паміж гэтымі датамі сутачныя паказнікі вар'іраваліся ад 4 (14 кастрычніка) да 39 (22 кастрычніка).
З пачатку кастрычніка Латвія спыніла 696 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі. Максімальны сутачны паказнік у гэтым месяцы быў зафіксаваны 4 кастрычніка — 95.
З пачатку 2026 года пагранічная служба балтыйскай дзяржавы зарэгістравала крыху менш за 12,4 тыс. такіх спробаў — на 12,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд. На латвійскі ўчастак прыпадае 84,7% усёй актыўнасці мігрантаў, зафіксаванай за няпоўныя 10 месяцаў на мяжы Еўразвязу з Беларуссю (на літоўскі — 12%, на польскі — 3,3%).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.