24 кастрычнiка 2026, Субота, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Патрабую тлумачэнняў!»: беларуска вырашыла вывесці А1 на чыстую ваду

3
«Патрабую тлумачэнняў!»: беларуска вырашыла вывесці А1 на чыстую ваду

Абаненты аператара заўважылі, што гігабайты імкліва знікаюць.

Беларуска паскардзілася, што мабільны аператар А1 спісвае гігабайты з асноўнага пакета інтэрнэту пры праглядзе Reels у Instagram, хоць яе тарыф прадугледжвае бязлімітны доступ да сацыяльных сетак. Пасля звароту кампанія вярнула ёй 15 рублёў і налічыла дадатковыя 5 ГБ, але папярэдзіла, што падобная сітуацыя можа паўтарыцца, піша «Зеркало».

Карыстальніца Threads пад нікам wow_dessert_sol распавяла, што карыстаецца паслугамі А1 амаль 20 гадоў. Яе тарыф утрымлівае 25 ГБ інтэрнэту і бязлімітны доступ да сацыяльных сетак і месенджараў. Аднак жанчына заўважыла, што пры праглядзе Reels (кароткіх відэа) ў Instagram расходуюцца гігабайты з асноўнага пакета.

«У мой тарыфны план уваходзіць бязліміт у сацсетках і месенджарах! І 25 ГБ! Дык вось, А1 палічыў, што ў Instagram я заходжу па бязліміце, а вось Reels гляджу за гігабайты! Гэта як наогул? Інста — гэта і ёсць Reels і сторыс. Я з вамі амаль 20 гадоў, але цяпер у мяне шалёнае жаданне змяніць аператара і напісаць у МАРТ, у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і г.д. Я патрабую тлумачэнняў», — абурылася беларуска.

Прадстаўнікі А1 у каментарыях патлумачылі, чаму нават пры падключаным бязліміце на сацыяльныя сеткі можа расходавацца асноўны пакет інтэрнэту.

«Разумеем вашу разгубленасць — і праўда дзіўна, калі Instagram нібыта ў бязліміце, а Reels раптам «з'ядаюць» гігабайты. Давайце растлумачым, як гэта працуе. Бязліміт на сацсеткі распаўсюджваецца на сам Instagram, але частку відэа, Reels і сторыс дадатак Instagram падгружае са старонніх сервераў. У такіх выпадках тrafік можа расходавацца з вашага пакета або аплачвацца асобна. Гэта не рашэнне «забраць у вас гігабайты», а тэхнічная асаблівасць працы Instagram», — расказалі ў кампаніі.

Пазней аўтарка допісу ўдакладніла, што аператар вярнуў ёй 15 рублёў, аднак пытанне са спажываннем трафіку засталося адкрытым.

«А1 вярнулі мне на рахунак 15 р. Цудоўна! Але што далей? Я не хачу кожны раз адключаць перадачу даных, каб не ўляцець у грошы! Як будзем вырашаць гэтае пытанне?» — напісала яна.

У выніку з жанчынай звязаліся па тэлефоне і прапанавалі змяніць тарыф.

«Яны сёння мне тэлефанавалі і прапанавалі змяніць тарыфны план, бо кампанія не можа адсачыць, адкуль у Instagram загружаецца кантэнт. Карацей, лепш не будзе. Вярнулі 15 рублёў і налічылі 5 ГБ трафіку», — расказала беларуска.

У каментарыях высветлілася, што з падобнымі праблемамі сутыкаліся і іншыя кліенты А1. Некаторыя паскардзіліся, што раней інтэрнэт-трафіку хапала на ўвесь месяц, цяпер жа даводзіцца купляць дадатковыя гігабайты, а ў кагосьці нават з'явілася запазычанасць.

Іншыя ўдзельнікі абмеркавання паскардзіліся на пагаршэнне якасці сувязі, абмежаванні на бязлімітных тарыфах і працу тэхнічнай падтрымкі. Некаторыя заявілі, што ўжо змянілі аператара або збіраюцца гэта зрабіць:

«Цяпер зразумела, куды знікае мой трафік!!! Раней заўсёды хапала на месяц уключанага, а цяпер ужо ў сярэдзіне месяца даводзіцца падключаць дадатковы. Гляджу, у многіх такая праблема, цікава, як жа так выходзіць».

«Вось і ў мяне пытанні да А1. Заўсёды хапала 25 ГБ трафіку, заўсёды, ды яшчэ і пераносілася пэўная колькасць на наступны месяц. А цяпер да 20-х чыслаў прыходзіць паведамленне: «у вас скончыўся ліміт». І запазычанасць 80 рублёў. І так ужо пару месяцаў».

«Ой, аналагічная сітуацыя з імі апошнія месяцы. І з размовы з аператарам я так і зразумела, што чамусьці Reels — гэта староннія відэа, і трафік на іх ідзе агульны, а не той, што ўваходзіць як бязліміт для сацсетак».

«Больш за 22 гады быў абанентам А1, перайшоў да іншага аператара. Стаўленне да кліентаў у А1 стала жахлівым, не чакаў такога».

Аўтарка першапачатковай скаргі таксама паведаміла, што вырашыла перайсці да іншага аператара.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲