У Румыніі зацвердзілі прэм’ера
- 20.10.2026, 18:11
Фота: Luca Niculescu/ Facebook
Урад краіны ўзначаліў Лука Нікулеску.
Парламент Румыніі зацвердзіў прызначэнне прэм’ер-міністрам краіны дыпламата Луку Нікулеску. Гэта чацвёрты кандыдат на гэтую пасаду за апошнія паўгода. Для фарміравання ўрада партыі дамовіліся пра пагадненне на паўгода, пасля чаго спатрэбіцца зацвердзіць далейшыя крокі.
Вотум даверу новаму ўраду падтрымалі 280 парламентароў пры неабходных 233. Супраць выступілі 58, піша Digi24.
«Гэта важны момант для Румыніі, мы выходзім з шасцімесячнага крызісу, мы неадкладна прыступаем да працы. Пачынаючы з гэтага вечара, мы арганізуем першае пасяджэнне ўрада. Прыярытэты вядомыя. Румынія больш не можа чакаць», — сказаў Лука Нікулеску пасля абвяшчэння вынікаў галасавання ў парламенце.
Папярэднія тры спробы прызначыць прэм’ер-міністра праваліліся з-за спрэчак палітычных партый, у тым ліку праз пазіцыю найбуйнейшай палітычнай сілы ў парламенце — Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДП). Прэзідэнт Нікошур Дан імкнуўся сфарміраваць кабінет без удзелу сацыял-дэмакратаў, але тыя адмаўляліся падтрымліваць урад, калі самі не ўвойдуць у яго.
У выніку Нацыянальна-ліберальная партыя (НЛП) дамовілася з сацыял-дэмакратамі пра шасцімесячнае пагадненне: СПД забярэ 12 міністэрскіх партфеляў з 18, астатнія зоймуць незалежныя палітыкі (як і сам Лука Нікулеску). НЛП у ўрад не ўвойдзе, але партыя запэўніла, што будзе кантраляваць дзейнасць новага кабміна.
Урадавы крызіс у Румыніі цягнуўся з мая — парламент вынес вотум недаверу тагачаснаму прэм’еру Іліе Баложану з-за яго жорсткай эканамічнай палітыкі, якая ўключала распрацоўку мер па павышэнні падаткаў і акцызаў, адмену пэўных катэгорый ільгот і скарачэнне месцаў у дзяржструктурах. Адхіліць яго ад улады ўдалося дзякуючы сацыял-дэмакратам, якія заручыліся падтрымкай крайнеправага «Альянсу за саюз румынаў».