3 кастрычнiка 2026, Субота, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FP-7 у баі: што вядома пра ўкраінскую балістычную ракету

FP-7 у баі: што вядома пра ўкраінскую балістычную ракету

Эксперты спрагназавалі, калі варта чакаць масавай вытворчасці.

Украінская балістычная ракета ўпершыню была прымяніна ў баі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ідзе пра тактычную балістычную ракету FP-7 кампаніі Fire Point. Што вядома пра ракету, як хутка яе могуць запусціць у масавую вытворчасць і якія мэты яна здольная паражаць? Пра гэта распавядае «Нямецкая хваля».

Увечары 1 кастрычніка Уладзімір Зяленскі апублікаваў у сацсетках кароткае відэа запуску ракеты з подпісам: «Украінская тактычная балістычная ракета FP-7. Першае баявое прымяненне. Дзякуй за вынік. Далей — вытворчасць». Іншыя падрабязнасці, у прыватнасці пра час і вынік удару, прэзідэнт Украіны не ўдакладніў. Незалежнага пацверджання ўдару пакуль няма.

Балістычную ракету FP-7 распрацоўвае ўкраінская абаронная кампанія Fire Point — тая самая, што вырабляе далёкага дзеяння дроны FP-1 і крылатую ракету FP-5 «Фламінга». Як адзначаецца на сайце кампаніі, ракета можа ляцець на адлегласць да 250 кіламетраў і несці да 200 кілаграмаў выбухоўкі. Хаця раней кампанія планавала далёкасць 200 кіламетраў і карысную нагрузку 150 кілаграмаў.

У Fire Point пазіцыянуюць FP-7 як больш танную альтэрнатыву амерыканскім ATACMS і як балістычны перахопнік для праграмы супрацьпаветранай абароны Freyja. Для FP-7 замест тыпавой для такіх сістэм пускавай устаноўкі на шматвосевым шасі кампанія выкарыстоўвае рэйкавую накіроўвалую на прычэпе — як і для «Фламінга». «Такі падыход дазваляе адаптаваць прымяненне комплексу да зменлівых патрабаванняў місіі і розных сцэнарыяў выкарыстання», — заяўляюць у кампаніі.

Пра працу над FP-7 кампанія абвясціла ў верасні 2025 года на міжнароднай выставе абароннай прамысловасці MSPO ў Польшчы, а першыя лётныя выпрабаванні адбыліся напрыканцы мінулага лютага. У жніўні генеральная дырэктарка Fire Point Ірына Тэрэх паведамляла прыкладна пра 15 выпрабавальных пускаў. Як піша інтэрнэт-партал Defense Express, FP-7 створана на аснове савецкай зенітнай ракеты 48Н6, якую Расія выкарыстоўвае ў комплексах С-400. Аднак канструктары Fire Point выкарысталі больш лёгкія матэрыялы, сістэмы навядзення і паліва.

Масавая вытворчасць не раней за 2027 год?

Папярэднія выпрабаванні FP-7 праводзіліся без баявой часткі, таму баявое прымяненне з'яўляецца важным этапам стварэння новага ўзору ўзбраення, адзначае дырэктар украінскай кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц.

— Аднак пакуль заўчасна казаць, што ў Украіны ўжо ёсць новая эфектыўная зброя. Любая зброя становіцца зброяй, калі выконваюцца тры ўмовы. Па-першае, яна масава вырабляецца. Па-другое, яна ўключаная ў штатнае аснашчэнне вайсковых падраздзяленняў. І па-трэцяе, вайскоўцы могуць яе эфектыўна прымяняць, — тлумачыць суразмоўца, дадаўшы, што пакуль ніводная з умоў не выкананая.

Спачатку трэба пераканацца, што ракета сапраўды здольная праляцець заяўленыя 250 кіламетраў і паразіць мэту з дакладнасцю, якую абяцаюць распрацоўшчыкі, падкрэслівае Згурэц.

— Як мінімум палова ракет, запушчаных на максімальную далёкасць, павінна трапляць у радыус 14 метраў ад мэты. Толькі пасля гэтага можна будзе ўздымаць пытанне аб нарошчванні вытворчасці, — дадае ён.

Апытаныя эксперты не чакаюць запуску масавай вытворчасці гэтых ракет раней за 2027 год.

— Пакуль удары будуць эпізадычнымі. Бо гэта не хуткі працэс. Тым больш, што Украіна раней не вырабляла аператыўна-тактычныя балістычныя ракеты. Але, безумоўна, той факт, што ў Украіны ёсць уласная балістычная ракета, ужо з'яўляецца важнай вяхой, — кажа ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка. Эксперт падкрэслівае, што FP-7 з'яўляецца першым крокам да рэалізацыі іншых праграм стварэння балістычных ракет. «У перспектыве ў нас будзе тры тыпы розных балістычных ракет: тактычная FP-7, FP-9 з далёкасцю палёту больш за 800 кіламетраў, а таксама прамежкавая ракета «Сапсан» з далёкасцю каля 500 кіламетраў», — спадзяецца Каваленка.

Сама кампанія Fire Point абяцала запусціць масавую вытворчасць сотняў ракет FP-7 яшчэ мінулай вясной. Галоўны канструктар і суўладальнік украінскай кампаніі Fire Point Дзяніс Шцілерман напрыканцы 2025 года казаў, што гэта можа адбыцца пры наяўнасці замовы і фінансавання з боку дзяржавы.

Што патрэбна фронту

Сотня ракет у месяц — мінімальна неабходная колькасць з улікам пераліку мэт, размешчаных на адлегласці да 200 кіламетраў ад лініі фронту, кажа Згурэц.

— Мы ўлічылі, што для знішчэння, напрыклад, дрон-порта РФ «Цымбулава», які размешчаны за 180 кіламетраў ад тэрыторыі Украіны і адкуль запускаюць «Герані», патрабуецца каля 30 ракет ATACMS з касетнай баявой часткай. Такіх дрон-портаў налічваецца каля 15, — кажа ён. Галоўная праблема — у рэсурсах, дадае Згурэц. «Зараз у нас занадта шмат прыярытэтаў і занадта мала грошай», — канстатуе суразмоўца.

Аляксандр Каваленка называе падобны арыенцір. На яго думку, Украіна павінна вырабляць не менш як 3–4 балістычныя ракеты за суткі. «Гэта магчыма, калі будзе наладжана вытворчасць замкнёнага цыклу. Магутнасці Fire Point мне невядомыя, але я арыентуюся на вопыт Расіі: за час поўнамаштабнай вайны яна павялічыла выпуск адных толькі «Іскандэраў» 9М723 з адной ракеты на тыдзень да некалькіх за суткі. У нас ёсць абсалютна ўсе магчымасці рабіць тое самае», — упэўнены ён.

Зоны дасяжнасці FP-7

Тэрыторыя, якая трапляе ў зону дасяжнасці FP-7, ужо падвяргаецца далёкабойным ударам з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў, адзначае суразмоўца. Але дроны нясуць баявую частку вагой каля 50 кілаграмаў, таму, умоўна, адна ракета забяспечвае эфект, супастаўны з чатырма атакамі дронаў, тлумачыць Згурэц.

Акрамя таго, збіць беспілотнік прасцей, тады як перахапіць балістычную ракету, асабліва ў бліжэйшай тылавой зоне РФ — Бранскай, Белгарадскай і Курскай абласцях, — складаней, адзначае Конаваленка. «Паколькі асноўныя сістэмы, здольныя перахопліваць гэтыя ракеты — С-400 «Трыумф» і «Бук-М3», — цяпер знаходзяцца пад Масквой. Амаль усё сцягнута туды. І таму збіваць гэтыя ракеты на малых адлегласцях ім будзе складаней», — кажа ён.

Каваленка адзначае, што ў зоне дасяжнасці FP-7 знаходзяцца часова акупаваныя тэрыторыі Украіны і прылеглыя да іх рэгіёны Расіі: Бранская, Курская і Белгарадская вобласці. «Там ракета можа паражаць аб'екты энергетыкі і масты, а таксама мэты ў бліжнім тыле: месцы дыслокацыі расійскіх вайсковых частак, базы з боепрыпасамі, склады гаруча-змазачных матэрыялаў», — тлумачыць Каваленка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲