Як выглядае «ўзорны пад'езд» Мінска
5- 12.10.2026, 15:11
- 2,200
Гэта дзевяціпавярховы дом 1972 года пабудовы.
Пад'езд №2 у доме №105 на праспекце Ракасоўскага ў Серабранцы прызналі найлепшым у Ленінскім раёне, а на гарадскім конкурсе ЖКГ ён заняў другое месца. Мінск-навіны паказалі, як ён выглядае.
Гэта дзевяціпавярховы дом 1972 года пабудовы. У ім 483 кватэры. У 2024 годзе, пасля капітальнага рамонту дому, у пад'ездзе правялі планаванае абнаўленне. Рамонтам пад'езда займаліся самі жыхары — заказвалі паслугі і наймалі падрадчыкаў.
З незвычайнага для такіх дамоў — тут паклалі плітку. Ёю выслалі падлогу ад парога да ліфта, прыступкі на першым паверсе, міжпавярховыя пляцоўкі, а таксама асобныя ўчасткі сценаў — у тамбуры і каля ліфта.

— Плітку набывалі самі па акцыях, — падзялілася жыхарка дома і галоўная ініцыятарка рамонту Нэлі Бабкова. — Таксама ў некаторых жыхароў былі рэшткі. Стараліся зрабіць так, каб паверхні, пафарбаваныя і выкладзеныя пліткай, глядзеліся гарманічна. Астатнія матэрыялы — тынкоўку, фарбу, грунтоўку — набывалі працаўнікі, а затым прадастаўлялі чэкі.

Некаторыя працы жыхары выконвалі самастойна. Напрыклад, самі абклалі пліткай сцены. Акрамя таго, у пад'ездзе замянілі паштовыя скрыні і павесілі люстэрка ў ліфце.
Паводле разлічанага ЖЭУ каштарысу рамонт пад'езда абышоўся б прыблізна ў 15 тысяч рублёў. І гэта без уліку выдаткаў на куплю, укладку пліткі і іншыя дадатковыя працы, затое з істотнымі накладнымі выдаткамі.
Жыхары, якія ўзяліся за рамонт самастойна, уклаліся ў 14 300 рублёў. Пры гэтым суму падзялілі не прапарцыйна плошчы жылых памяшканняў, як гэта практыкуюць жыллёвыя службы, а пароўну паміж 52 кватэрамі — па 275 рублёў з кожнай.





