«Закінутае жыллё» ў Беларусі хочуць прадаваць без аўкцыёну
1- 12.10.2026, 15:51
- 1,262
Незаселеныя дамы могуць дазволіць набываць адразу па базавым кошце.
У Беларусі вывучаюць магчымасць скасавання абавязковых аўкцыёнаў па продажы незаселенага арэнднага жылля ў некаторых выпадках. Пра гэта паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашко.
Усяго ў краіне цяпер зарэгістравана прыблізна 165 тысяч арэндных жылых памяшканняў агульнай плошчай больш за 9 млн квадратных метраў. Асноўная частка гэтага фонду — жыллё, якое не было прыватызавана грамадзянамі. Такіх памяшканняў каля 125 тысяч.
Пры гэтым больш за паўгода пустуе звыш 15 тысяч адзінак жылля камунальнай формы ўласнасці. Усе гэтыя аб’екты ўжо праінвентарызаваныя аблвыканкамамі, адзначыў намеснік міністра.
Для іх разглядаюць тры сцэнарыі: рамонт з далейшай перадачай у найм, продаж або знос. Усё залежыць ад стану жылля, яго запатрабаванасці і месцазнаходжання.
Паводле слоў Рамашко, знос патрабуе вялікіх выдаткаў. У сярэднім па краіне ён абыходзіцца ў 3000–6000 рублёў. Для параўнання: будаўніцтва новага квадратнага метра каштуе прыкладна 2200 рублёў, а рамонт можа абысціся больш як у 400 рублёў за «квадрат».
«Таму тут вельмі важна ацэньваць эканамічную мэтазгоднасць», — сказаў намеснік кіраўніка ведамства.
Асаблівая ўвага надаецца лёсу ветхога жылля ў аддаленых населеных пунктах, на якое няма попыту. Для вырашэння гэтай праблемы ўлады хочуць змяніць цяперашнія падыходы.
Цяпер разглядаецца прапанова скасаваць аўкцыёны па незаселеным арэндным жыллі ў шэрагу выпадкаў.
«То бок выканкамы будуць вызначаць аўкцыённыя зоны, дзе жыллё больш запатрабаванае або знаходзіцца ў прыродных запаведніках. А там, дзе яно можа быць рэалізавана па базавым кошце, мы прапануем, каб яно прадавалася менавіта такім чынам», — патлумачыў Рамашко.