5 снежня 2025, Пятніца, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэтыя словы Трампа Польшча чакала з нецярплівасцю

9
Гэтыя словы Трампа Польшча чакала з нецярплівасцю

ЗША пасылаюць Расіі сігнал.

Гэтыя словы Дональда Трампа уся Польшча чакала з нецярплівасцю з 20 студзеня, то бок з дня яго інаўгурацыі. Я памятаю сустрэчы з важнымі прадстаўнікамі польскага ўрада і дыпламатыі, якія прызнавалі, што на працягу некалькіх месяцаў Трамп трымаў еўрапейскіх партнёраў у нявызначанасці: ці вырашыць ён захаваць, вывесці або скараціць прысутнасць сваіх войскаў у Еўропе.

Чаму прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы такая важная?

Для Польшчы гэтая прысутнасць абсалютна ключавая. Размяшчэнне 10 тысяч салдат арміі ЗША — акрамя інвестыцый у уласную абароназдольнасць — з'яўляецца найлепшай страхоўкай. Таму словы Дональда Трампа пра тое, што ён не мае намеру выводзіць амерыканскія войскі з Польшчы, а ў будучыні нават можа іх павялічыць, маюць важнае значэнне і з пункта гледжання бяспекі з'яўляюцца ключавымі.

Зараз праводзіцца перагляд амерыканскай прысутнасці ў Еўропе, вынікі аўдыту павінны быць вядомыя да канца верасня. Паводле наступных паведамленняў прэзідэнта Польшчы Караля Навроцкага, Трамп пагадзіўся на пэўную форму пашырэння амерыканскай прысутнасці, якая будзе ўзгодненая паміж кіраўніком Пентагона Пітам Хегсетам і кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Славамірам Цэнкевічам. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.

Немагчыма ацаніць маштабы гэтага праекта і задзейнічаныя сілы. Але, як адзначыў Навроцкі ў размове з журналістамі, да візіту максімальнай мэтай здавалася захаванне амерыканскай ваеннай прысутнасці. Цяпер можа ісці гаворка нават пра яе пашырэнне. З пункту гледжання польскай бяспекі гэта дакладна добрая навіна.

Ці варта давяраць заявам Трампа? Гэта ўжо зусім іншае пытанне. Аднак самі яго словы маюць пэўную вагу. Гэта выразны сігнал уладам краіны, якая сёння ўяўляе найбольшую пагрозу, то бок Расіі, што Амерыка не пакіне Польшчу. Нават калі б Трамп вырашыў скараціць сваю прысутнасць у рэгіёне — што ў цэлым для польскай бяспекі было б дрэннай навіной — яго заявы робяць Польшчу разам з усё мацнейшым войскам, якое развіваў урад «Права і Справядлівасць», а сёння развівае «Кааліцыя 15 кастрычніка», значна больш бяспечнай.

Польшча мае падставу для радасці — з гэтым у сераду аднадушна прызнавалі правыя палітыкі і члены цяперашняй кааліцыі. Сваю пазіцыю таксама выказаў прэм’ер Дональд Туск на платформе X.

Свайго поспеху дасягнуў і віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, якому ў аўторак яго амерыканскі калега Марка Рубіо сказаў, што ў ЗША няма другога такога саюзніка, як Польшча.

Вядома, заява Трампа таксама ідзе ў плюс прэзідэнту Каралю Навроцкаму, якога амерыканскі прэзідэнт прымаў у Авальным кабінеце.

Што ж, польскім палітыкам, якія штодзённа знаходзяцца ў канфлікце, давядзецца змірзіцца з тым, што гэта былі добрыя дні для польскай бяспекі. Але найбольшае задавальненне можа адчуваць прэзідэнт. Цяжка ўявіць лепшы дэбют на міжнароднай арэне, чым той, які адбыўся з Каралем Навроцкім у Белым доме менш чым праз месяц пасля яго інаўгурацыі.

Міхал Шулджыньскі, «Rzeczpospolita» (пераклад з польскай — сайт Charter97.org)

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках