Грамадзянін Малдовы шэсць разоў стрэліў у расійскага генерала
2- 8.09.2026, 10:23
- 3,778
Мікалай Варпаховіч аддаў загад ударыць па «Охматдет».
Супрацоўнікі ФСБ і Следчага камітэта затрымалі ў Астраханскай вобласці 21-гадовага грамадзяніна Малдовы Нікалае Кочу, які падазраецца ў замаху на расійскага вайскоўца ў Саратаўскай вобласці, паведамілі ведамствы.
Паводле афіцыйных дадзеных, 3 верасня ў пасёлку Прабуджэнне Энгельскага раёна Саратаўскай вобласці падазраваны шэсць разоў стрэліў у вайскоўца. Той атрымаў раненні, але выжыў. Імя пацярпелага не называецца. ФСБ толькі ўдакладняе, што ідзе гаворка пра высокапастаўленага вайскоўца.
Паводле неафіцыйных дадзеных, падчас замаху атрымаў раненні генерал-маёр Мікалай Варпаховіч, камандзір 22-й цяжкай бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі далёкай авіяцыі ВКС РФ.
Ва Украіне Варпаховіча лічаць адказным за ракетны ўдар па дзіцячай бальніцы «Охматдет» у Кіеве 8 ліпеня 2024 года. Падчас атакі ў бальніцы знаходзілася больш за 600 пацыентаў і прыблізна столькі ж супрацоўнікаў. Тады загінулі два чалавекі.