Шведскі самалёт-радар з’явіўся над Украінай
4- 5.09.2026, 21:52
- 11,596
Ён ужо выконвае баявыя задачы.
Шведскі самалёт радыёлакацыйнага дозору ASC 890 выконвае баявыя вылеты над тэрыторыяй Украіны яшчэ з сакавіка 2026 года. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства абароны Украіны.
Адзначаецца, што пра перадачу самалёта Швецыя абвясціла яшчэ ў маі 2024 года — тады гэта быў 16-ы і на той момант найбуйнейшы пакет ваеннай дапамогі Кіеву коштам каля 1,25 мільярда долараў. Сам факт перадачы Украіна пацвердзіла ў жніўні 2025 года, а баявыя вылеты самалёт пачаў здзяйсняць прыкладна праз сем месяцаў.
Выданне Defence Blog акцэнтуе ўвагу на тым, што сляды знаходжання машыны ў украінскім небе з’яўляліся і раней за афіцыйныя заявы. Яшчэ 20 сакавіка 2026 года ў адным з расійскіх тэлеграм-каналаў апублікавалі відэа, на якім нібыта відаць гэты самалёт у гарызантальным палёце, а на фоне чутна ўкраінскую мову. Праўда, ні дакладную дату здымкі, ні месца на той момант пацвердзіць не ўдалося.
Як стала вядома, ASC 890 пабудаваны на базе рэгіянальнага самалёта Saab 340 і лёгка пазнавальны па характэрным прамавугольным абцякальніку над фюзеляжам — яго яшчэ называюць «балансір». Унутры — радар Erieye з актыўнай фазаванай антэннай рашоткай, здольны выяўляць самалёты і караблі на адлегласці да 450 кіламетраў, звычайна працуючы на вышыні каля 20 тысяч футаў. Паводле даступнай інфармацыі, экіпаж машыны — шэсць чалавек, сярод якіх афіцэр кіравання місіяй, аператар баявога кіравання і аператар назірання.
Фактычна, паводле слоў аўтараў агляду, гэты борт працуе як лятаючая радыёлакацыйная станцыя і камандны пункт адначасова. Ён здольны выяўляць расійскія самалёты, крылатыя ракеты і дроны задоўга да таго, як іх «убачаць» наземныя радыёлакацыйныя станцыі, а затым перадаваць гэтыя даныя ўкраінскім лётчыкам-знішчальнікам.
Да перадачы, як сведчаць даныя выдання, Швецыя мела на ўзбраенні два такія самалёты — і, відаць, абодва адправіліся ва Украіну, часова пакінуўшы шведскія ВПС без уласнага паветранага дозору да прыбыцця замены. Шведскія вайсковыя чыноўнікі, якія вясной 2025-га каментавалі чуткі пра зацягванне тэрмінаў, тлумачылі: частка затрымкі з пастаўкай была звязаная з дапрацоўкай сістэм абмену данымі, каб самалёт мог «камунікаваць» з украінскімі F-16.
У Міністэрстве абароны Украіны адзначаюць, што ASC 890 інтэграваны ў маштабную сістэму супрацьпаветранай абароны, разгорнутую на базе заходніх знішчальнікаў. Ядром гэтай сеткі выступаюць F-16, перададзеныя ў 2024 годзе Даніяй, Нідэрландамі, Нарвегіяй і Бельгіяй, у той час як частка пілотаў праходзіць навучанне ў трэніровачным цэнтры ў Румыніі.