«Муж схуднеў на 20 кг, у сына без тэлефона палепшыўся зрок»
- 29.09.2026, 10:38
- 1,246
Беларуская сям’я купіла хату ў Белавежскай пушчы.
«Калі шчыра, уяўляла іншую карцінку: мы купім дом, хутканька здзерэм шпалеры, усё адшліфуем, я памыю падлогу, столь — і будзем жыць. За месяц дакладна ўпішамся», — кажа Алена, і на гэтых словах уся сям’я Полх пачынае смяяцца. З моманту куплі хаты ў маленькай вёсцы Белавежскай пушчы прайшло паўтара года, але рамонт ідзе дагэтуль: трэба мяняць дах, праводзіць электрычнае ацяпленне, рабіць ванную… Пакуль працы канца-краю не відаць, Алена, Эдуард і іх сын Леон вырашылі не ставіць жыццё на паўзу. Зрабілі ўтульную зону для адпачынку, пасадзілі незвычайны агарод і проста падчас сняданку назіраюць за зубрамі і аленямі, піша Smartpress.by.

— Як думаеце, чаму гэты табурэт стаіць каля платы? — Алена Полх звяртае ўвагу на незвычайную канструкцыю. — Калі на яго ўстаць і падняць тэлефон вышэй, можна злавіць мабільную сувязь. Гэта адзінае месца, дзе яна ловіць.
Ні сувязі, ні крамы, ні пошты — менавіта такую вёску (па просьбе герояў не называем яе назву — прым. аўтара) шукала сям’я Полх — і знайшла ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Вакол дзікая прырода, лес і палі. На зімоўку ў вёсцы застаюцца тры чалавекі.


— Мы знаходзімся ў Белавежскай пушчы, і дом купілі менавіта з-за прыгожай мясцовасці, — распавядае Эдуард. — Раней прыязджалі сюды адпачываць на возера Сіпурка, а потым паставілі мэту знайсці жыллё ў гэтым раёне. Год шукалі свой дом. Ездзілі па вёсках, стукаліся ў хаты, пыталіся, можа, хто прадае жыллё, штодня маніторылі аб’явы.
«Думалі, што гэта будзе дача. А цяпер хочам курэй, казачку і баранчыка»
Эдуард і Алена Полх — фатографы з Брэста. Пастаянныя здымкі, зносіны з людзьмі пачалі вымотваць, і падружжу захацелася больш часу праводзіць на прыродзе ў цішыні.

— Адразу разглядалі дом як дачу. А цяпер у планах — пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства, завесці курэй, баранчыка, казачку, — кажа Алена, і ў гэты момант Эдуард глядзіць на жонку так, быццам чуе гэта ўпершыню.
— Казачку?! Ну-ну, — працягвае мужчына.
Алена на гэта рэагуе спакойна, разлівае па кубках сунічны чай і накрывае стол проста пад старымі грушамі. Аказваецца, гэта месца — найлепшы назіральны пункт за дзікімі жывёламі.

— Алені і зубры прыходзяць прама да нашага агарода, — адзначае Эдуард.
«Вы паставілі пластыкавыя вокны? Гэта ж брыдота!»
Выпіўшы чаю з выглядам на Белавежскую пушчу, пара прапануе паглядзець дом знутры і параўнаць з тым, што было.

— Раней хата належала лясніку, таму аказалася трывалай, будавалі яе якасна, — кажа Эдуард.
Дом дастаўся сям’і з мэбляй і нават вопраткай папярэдняга гаспадара.
— Мы ўсё выкінулі. А навошта пакідаць? Няма мэты захоўваць бабуліну атмасферу. Наадварот, хацелі пазбавіцца ад старога паху, таму з былых рэчаў пакінулі толькі куфар і кілім, — дадае Алена.
Падчас рамонту ў доме знеслі ўсе перагародкі, ачысцілі сцены ад шпалераў і гіпсакардону, устанавілі камін, а старую печ давялося замяніць на новую. Найбольш пытанняў у старонніх людзей выклікалі пластыкавыя вокны.
— Чаму некаторых так трыгерыць пластыкавыя вокны ў вясковым доме? — не разумее пара. — Пішуць: «Гэта такая брыдота». Але як жыць са старымі вокнамі? Яны не трымаюць цяпло, у іх кепская гукаізаляцыя.

«Дом купілі за $10 тысяч. Дык ніякай халявы»
План упісацца з рамонтам за месяц, вядома, не спрацаваў. Пачалі чысціць столь — з яе звалілася мышынае гняздо, распалілі старую печ — усё задымела. Сям’я з-за гэтага асабліва не засмучалася, хацелася самім навучыцца ўсё рабіць.
— Мы прыязджалі і працавалі столькі, што суседзі казалі: «Не трэба так упахваць. Вы згарэце». У мяне ад няведання, як карыстацца інструментам, згарэлі дзве балгаркі, — смяецца Эдуард.
Ужо падчас размовы высвятляецца: гэта не першая спроба сям’і Полх жыць на прыродзе. Некалькі гадоў таму яны будавалі дом на 200 «квадратаў» недалёка ад Брэста. Але не паспелі папражываць там ні дня.
— Мы ўвязаліся ў будоўлю і зразумелі, што фінансава не цягнем: пастаянна патрэбныя былі грошы. Толькі паспявай іх зарабляць і аддаваць будаўнікам. У адпачынак не ездззілі, нічога не маглі сабе купіць — гэта ж не жыццё. Толькі дах абышоўся ў $20 тысяч. Які жах! Мы так стаміліся, што ўсё прадалі на стадыі гатовай каробкі, — распавядае Алена.
— Адразу скажу: наш вясковы дом мы купілі не за базавую велічыню, як цяпер прынята, а за $10 тысяч. Дык ніякай халявы. Не вядзём ніякіх падлікаў рамонту, не фіксуем лічбы на паперы. Проста робім — і ўсё.
«За час рамонту схуднеў на 20 кг»
У вясковае жыццё сям’я ўлілася па поўнай: абменьваецца з суседзямі памідорамі і агуркамі, ходзіць у лес па грыбы і ягады, ездзіць на рыбалку. Пытаемся, наколькі ўсё гэта цікава іх сыну, 11-гадоваму Леону.
— Вельмі, я нават знайшоў сябра ў суседняй вёсцы, — адказвае хлопец.

Першым часам Леону было нязвыкла без інтэрнэту, не ведаў, чым сябе заняць. А потым пачаў хадзіць у лес па лісачкі, шукаць старыя манеты ў зямлі, дапамагаць тату будаваць спартзал. Тут ужо вісіць баксёрская груша.
— Уяўляеце, за час рамонту я ў вёсцы схуднеў на 20 кг, а быў такі круглячок, — усміхаецца Эдуард.
— Муж схуднеў, у сына з-за адсутнасці тэлефона палепшыўся зрок. Гэта факты, мы не рамантызуем вёску, проста нам тут вельмі добра, — дадае Алена.
«Нарэшце мужчыны 35+ могуць адчуць сябе рукастымі будаўнікамі»

Цяпер сям’я праводзіць у вёсцы ўсе выходныя. Работы тут столькі, што хопіць не на адзін год: з сенавала трэба зрабіць прасторную альтанку, пабудаваць на ўчастку лазню, уласную вежу, каб назіраць за жывёламі. Калі Леон скончыць школу, яго бацькі пераедуць жыць у пушчу.
— Хочам сысці са свету фатаграфіі, змяніць прафесію і адкрыць ферму, — кажа пара. — Некалькі гадоў вырошчваем спаржу ў Маларыцкім раёне, хочам засеяць поле тут, пашырыцца. Ужо тэстуем новы від спаржы, замовілі амерыканскае насенне. Любім вырошчваць нешта незвычайнае.
І агарод сям’і Полх — прамое таму сведчанне. Тут растуць капуста кейл, артышокі, чорныя таматы «Пушкін», дыны… У першы год Алена і Эдуард зрабілі высокія градкі і адразу атрымалі ўраджай.

— Мы не аддаём 100% сябе будоўлі і агароду. Шмат падарожнічаем па пушчы, адкрываем новыя мясціны. Хочаце, пакажам вам лес? — прапануе Эдуард.
Вядома, хочам. І вось мы ўжо брыдзём сярод елак. І Алена цалкам сур’ёзна заўважае:
— Нядаўна на гэтай сцяжынцы бачылі ваўка. А там удалечыні рыкаюць алені. Чуеце?
У гэтым месцы варта было б разгарнуцца і бегчы з пушчы, але калі яшчэ так пагуляеш? І мы застаёмся. Леон збірае грыбы, а яго бацькі ў гэты час разважаюць, чаму міленіялы апошнім часам кінуліся ратаваць старыя хаты. Бо стаялі сабе дамы пустыя, паміралі і нікому не былі патрэбныя.
— Нарэшце мужчыны 35+ могуць адчуць сябе рукастымі будаўнікамі. У вясковым доме можна рабіць памылкі, ён усё даруе, гэта ж не з нуля будаваць. Любыя хібы тут незаўважныя, таму што хата і так крывая, — дзеліцца сваімі думкамі Алена.
— Асабіста нам вёска прыносіць шмат задавольнення, мы не шукаем тут мінусы, відаць, месца аказалася цалкам нашым. Выходзім увечары ў двор, п’ём гарбату і слухаем роў аленяў — вось гэта шчасце!