21 верасня 2026, панядзелак, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Румыніі затрымалі былога кандыдата ў прэзідэнты Джорджеску

У Румыніі затрымалі былога кандыдата ў прэзідэнты Джорджеску

Яго падазраюць у махлярстве.

У Румыніі па падазрэнні ў махлярстве на суму 1,1 млн еўра затрыманы Кэлін Джорджеску — былы кандыдат у прэзідэнты краіны, які перамог у першым туры выбараў у 2024 годзе. Тады Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі з-за падазрэнняў у расійскім умяшанні. У справе аб махлярстве, паводле даных румынскіх СМІ, таксама ёсць расійскі след.

Джорджеску быў затрыманы раніцай у панядзелак, 21 верасня, калі ён ехаў на сваёй машыне ў басейн, перадае Antena3 CNN. Паліцэйскія адвезлі яго дадому, каб правесці там вобшук. Усяго вобшукі ў сувязі са справай Джорджеску праходзяць у пяці дамах, якія яму належаць.

У 2021 годзе, як вынікае з прэс-рэлізу Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам (DIICOT), двое грамадзян Румыніі і адзін італьянец стварылі злачынную групу. Яны прапаноўвалі румынскім бізнесменам атрымаць крэдыты на мільёны еўра, аднак умовай для гэтага быў грашовы заклад. Пацярпелы спачатку перавёў махлярам 1 млн еўра, спадзеючыся атрымаць крэдыт на 6 млн, а потым яшчэ 100 тыс. еўра — калі яны прапанавалі павялічыць суму крэдыту да 15 млн, піша ВВС.

DIICOT не называе імёны падазраваных і пацярпелага, адзначаючы, што кіраўніком групы быў 64-гадовы румын. Паводле даных мясцовых СМІ, акрамя Джорджеску, фігурантамі справы з'яўляюцца 47-гадовы румынскі бізнесмен Іонел Русен і 56-гадовы італьянец Масіміліяна Арэна. Пацярпелы — румынскі бізнесмен Разван Леу.

Як пішуць G4Media і Euronews Romania, падчас вобшукаў паліцыя знайшла прыладу для глушэння сігналу і падробленае пасведчанне асобы Мальтыйскага ордэна на імя «сенатара» Кэліна Джорджеску. Пасол Мальтыйскага ордэна ў Румыніі Роберта Муснечы заявіў G4Media, што Джорджеску не належыць да ордэна.

Паводле звестак крыніц G4Media і Digi24, у справе фігуруе Migom Bank — банк, зарэгістраваны на Дамініцы, які фармальна належаў грамадзяніну Швейцарыі Томасу Скетці, але кантраляваўся грамадзянамі Расіі. Менавіта ў гэты банк Леу перавёў 1,1 млн еўра. У прыватнасці, Скетці, піша Digi24, быў звязаны з расійскім бізнесменам Андрэем Качатковым.

Леу апублікаваў заяву, у якой пацвердзіў, што ў студзені 2024 года падаў заяву аб злачынстве, якая і стала падставай для расследавання DIICOT. «Я зрабіў гэта па адной прычыне: я страціў больш за мільён еўра, здабытых цяжкай працай, з-за абяцанняў пра фінансаванне, якія так і не сталі рэальнасцю. На працягу некалькіх гадоў я спрабаваў вярнуць грошы па-добраму, але не змог», — сказаў ён.

Бізнесмен падкрэсліў, што ў яго не было палітычных матываў. «Як і я, мільёны румынаў — як вы бачылі — давяралі Кэліну Джорджеску. Я цалкам верыў Кэліну Джорджеску і ягоным словам. На жаль, усё гэта аказалася махлярскай схемай, падманам», — дадаў Леу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках