Экс-брамнік зборнай Беларусі — пра сына, якога падазраюць у забойстве цяжарнай: Спадзяюся на цуд
1- 14.09.2026, 13:28
- 2,074
Аляксандр Гаўрылёнак пацвердзіў, што яго сын затрыманы.
Экс-брамнік хакейнай зборнай Беларусі Аляксандр Гаўрылёнак пацвердзіў Betting.team, што яго сын, хакейны арбітр Аляксей Гаўрылёнак, затрыманы па падазрэнні у забойстве 43-гадовай мінчанкі Таццяны Марцішчанкі. Паведамлялася, што жанчына на момант забойства была цяжарная ад Аляксея Гаўрылёнка.
«Я пакуль ведаю не больш за вас, знаходжуся не ў Мінску, чытаю навіны ў інтэрнэце. Так, Аляксей затрыманы, абвінавачанні пакуль не выстаўленыя, вядзецца следства. Спадзяюся на нейкі цуд, магчыма, памылка або яшчэ нешта… Як можна сябе адчуваць у такой сітуацыі? Зразумейце самі — вельмі дрэнна», — сказаў Аляксандр Гаўрылёнак.
Нагадаем, 11 верасня МУС паведаміла, што прапалую жанчыну, якая знаходзілася на пятым-шостым месяцы цяжарнасці, знайшлі забітай. Па падазрэнні ў злачынстве затрымалі 38-гадовага жыхара Мінска, з якім загінулая была ў блізкіх адносінах.
Следчым ён прызнаўся, што «меў з загінулаю блізкую сувязь і ведаў, што яна чакае ад яго дзіця». Пры гэтым ён афіцыйна быў у іншых адносінах, з-за чаго ў іх узнікалі канфлікты.
Як распавёў сам фігурант, падчас чарговай сваркі ён некалькі разоў ударыў ахвяру нажом, а потым вынес цела з кватэры ў спартыўнай сумцы. У фрагменце, паказаным ведамствам, ёсць момант, як ён праходзіць праз арку з той самай сумкай. Судзячы па ўсім, гэта было ўдзень. Далей ён вывез і закапаў цела ў лесе ў Мінскім раёне, па дарозе купіўшы лапату і пазбавіўшыся ад доказаў: выкінуў пад мостам акрываўленыя рэчы і тэлефон загінулай Таццяны.
Падазраваны быў устаноўлены і затрыманы на працягу сутак, у дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа.
Па падазрэнні ў забойстве мінчанкі затрымалі былога хакеіста і арбітра Аляксея Гаўрылёнка, паведаміла «Трыбуна».
Сайт Федэрацыі хакея Беларусі ўжо прыбраў профіль Гаўрылёнка-малодшага са свайго рэсурсу. Ён выступаў за юнацкія і моладзевую зборныя Беларусі, гуляў у шэрагу клубаў беларускай экстралігі, а пасля завяршэння кар'еры спартсмена стаў хакейным арбітрам.