Расійская армія пацярпела буйную паразу на Данбасе
11- 14.09.2026, 13:27
- 29,974
Акупанты фактычна ў акружэнні.
Узброеныя сілы Расіі ва Украіне былі вымушаныя пакінуць больш за 200 кв. км на галоўным кірунку наступу ў Данецкай вобласці, страціўшы ключавы плацдарм каля Лімана, з якога планавалі атакаваць з поўначы пояс «гарадоў-крэпасцяў» Данбасу.
Пра гэта паведаміў OSINT-аналітык Клеман Молен, а пазней пацвердзілі Rochan Consulting і амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У выніку контрнаступу, які працягваўся 4 месяцы, і некалькіх механізаваных штурмаў ЗСУ паслядоўна вызвалілі Новае (у чэрвені), да сярэдзіны жніўня дасягнулі Калодзезяў, а затым правялі яшчэ адзін штурм паміж Катарынаўкай і Новалюбоўкай, фактычна адрэзаўшы наступальную расійскую групоўку. У выніку расійская армія страціла 240 кв. км і праваліла спробу акружэння Славянска-Краматорскай агламерацыі з поўначы, ацэньвае кіраўнік Rochan Consulting Канрад Музыка.
Вынікам украінскай аперацыі стала поўнае абнуленне тэрытарыяльных заваёў Расіі з пачатку сакавіка, піша ISW. Акрамя паўночнага кірунку расійскія войскі спрабуюць акружыць пояс гарадоў-крэпасцяў з поўдня.
Украінскім войскам удалося прарваць «вельмі старую лінію абароны», і яны фактычна зайшлі ў спіну, у глыбокі тыл групоўкі расійскіх войск, што дзейнічае ў Лімане, адзначае ваенны эксперт Валерый Шыряеў. Войскі РФ у гэтай зоне апынуліся «фактычна ў акружэнні», лічыць ён: «Гэта ў значнай ступені аператыўнае акружэнне, але шчыльнае: у многіх населеных пунктах у раёне Шандрыгалава яшчэ знаходзяцца расійскія байцы, і забеспячэнне ў іх толькі па паветры».
«Можна канстатаваць адступленне расійскай арміі», — працягвае Шыряеў: наступ ЗСУ ішоў паступова, населены пункт за населеным пунктам пераходзілі ў шэрую зону там, дзе раней упэўнена сябе адчувалі расійскія войскі. Зрэзаўшы выступ каля Лімана, украінскія сілы сарвалі планы расійскага камандавання па акружэнні гарадоў-крэпасцяў, піша ISW.
«Пагаршэнне тактычнай сітуацыі» каля Лімана прызнаюць Z-каналы. «Рыбар» звязвае тое, што адбываецца, з «сістэмнай хлуснёй у данясеннях наверх» і, як вынік, «няправільнай ацэнкай сітуацыі». «Па досведзе Купянскага кірунку, дзе аналагічныя праблемы вырашаліся непадрыхтаванымі штурмамі, гэта прывядзе да новых страт. Зняцце рэзерваў з іншых участкаў зоны адказнасці групоўкі «Захад» для прыкрыцця правалаў пад Ліманам створыць брэшы ў абароне, якімі праціўнік непазбежна скарыстаецца», — піша канал.

Фактычна цяпер «паўтараецца гісторыя з Купянскам», лічыць Шыряеў: «Дакладна гэтак жа той самы камандуючы групоўкай «Захад», Кузаўлёў, дакладваў пра поспехі ў Купянску, пасля чаго нават атрымаў званне Героя Расіі. Потым усё павярнулася наадварот, а камандаванне і вышэйшае палітычнае кіраўніцтва ўжо паспела заявіць пра гэта на ўвесь свет. (...) Зараз сітуацыя значна горшая, чым была ў Купянску».
Пра пералом на фронце, аднак, казаць заўчасна, адзінадушна лічаць ваенныя аналітыкі. Аднак контрнаступ ЗСУ дазволіць адкласці «наступ на паўночны Данбас», адзначае Молен, з чым згодны Шыряеў. Крыніцы Bloomberg, блізкія да Крамля, сцвярджаюць, што Уладзімір Пуцін чакае ад вайскоўцаў поўнага захопу Данецкай вобласці ў бліжэйшыя шэсць месяцаў. Раней Крэмль называў крайнім тэрмінам канец года, а з пачатку вайны Пуцін зрушыў «дэдлайны» па Данбасе не менш як 15 разоў, пісаў ISW.

«Правальнае для арміі Расіі лета скончылася, а восень пачынаецца з велізарнага скандалу вакол Святагорска», — канстатуе ваенны аналітык Ян Матвееў: замест захопу горада Пуцін атрымаў маштабны контрнаступ ЗСУ з вызваленнем крытычна важнай тэрыторыі. «Для расійскіх войскаў гэты крызіс хутчэй лакальны, але ўсё ж такі крызіс — адмаўляць гэта недарэчна. А перад украінскімі войскамі адкрываюцца важныя перспектывы на ўсім Славянскім кірунку», — лічыць Матвееў.
«Калі Узброеныя сілы Украіны дасягнуць свайго, цалкам там замацуюцца, ім ніхто не будзе перашкаджаць, яны заведуць сваіх аператараў дронаў і гэтак далей і ўвесь раён захопяць, то далей узнікне сітуацыя, калі зменіцца дыстанцыя абстрэлу. Паўднёвей знаходзіцца групоўка, якая развівае наступ на Нікалаеўку, на Славянск. Аператары дронаў, якія знаходзяцца ў раёне Лімана, — украінскія, патэнцыйна, не цяпер, а ў будучыні — атрымаюць дыстанцыю 10–15 км для гэтых FPV-дронаў. І масава, без асаблівай рызыкі, у бяспецы, яны пачнуць наносіць удары ў спіну, у тыл групоўкі, што наступае на Славянск», — апісвае перспектыву Шыряеў.