У Беларусі забаранілі папулярны расійскі шакалад
6- 26.08.2026, 12:07
- 1,640
Яго склад не адпавядае заяўленым патрабаванням.
Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі (Дзяржстандарт) забараніў з 27 жніўня ўвозіць і прадаваць на тэрыторыі Беларусі шакалад «Чаржед» расійскай вытворчасці. Падчас праверкі высветлілася, што прадукт не адпавядае патрабаванням тэхрэгламентаў Мытнага саюза.
У прэс-службе ведамства паведамілі, што паводле дадзеных выпрабаванняў сумарнае ўтрыманне какава-алею і малочнага тлушчу склала 20,2%. Аднак паводле нормы іх павінна быць не менш за 25%. Менавіта з гэтай прычыны прадукт нельга лічыць малочным шакаладам.

«Гэта ўводзіць спажыўца ў зман адносна віду харчовай прадукцыі, якой вытворца наўмысна надаў знешні выгляд і асобныя ўласцівасці малочнага шакаладу, але пры гэтым яна не можа быць ідэнтыфікаваная як малочны шакалад, за які выдаецца», – падкрэслілі ў Дзяржстандарце.
Шакалад выпускае расійскае ТАА «Кандытарская фабрыка «Победа»». Вытворчасць знаходзіцца ў Ягор'еўску Маскоўскай вобласці. Пастаўшчыком прадукцыі ў Беларусі пазначана ТАА «Еўраторг».