Над Жлобінам зноў заўважылі беспілотнік
- 26.08.2026, 11:53
- 1,202
Хутка над горадам праляцеў знішчальнік.
Увечары 25 жніўня жыхары Жлобіна пачулі гучны нетыповы гук і выказалі здагадку, што над горадам пралятаў рэактыўны дрон. Паведамленні пра гэта «Флагшток» заўважыў у сацыяльных сетках.
Карыстальнікі адзначалі, што каля 17:00 чулі меркаваны гул беспілотніка на ўскраіне Жлобіна ў раёне Лебедзеўкі, у 16-м мікрараёне, у пасёлку Рабочы, у мікрараёне Заходні.

БПЛА не было бачна з-за нізкай воблачнасці, адзначаюць жыхары горада. Некаторыя з іх таксама паведамілі, што ў той жа вечар бачылі знішчальнік, які пралятаў нізка — у раёне Беларускага металургічнага завода і вуліцы Паўднёвай:
«Над БМЗ знішчальнік нізка праляцеў, проста над дахамі цэхаў».
Адзін з карыстальнікаў напісаў, што прыкладна ў той самы час знішчальнік кружыў над Светлагорскам.
Таксама каля 17:00 украінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі пра актыўнасць ваеннай авіяцыі ва ўсходняй частцы Беларусі. У прыватнасці, канал «ППО Радар» інфармаваў у 16:51, што ў паветра былі ўзнятыя тры борты Су-30.
Тым днём, з самай раніцы, групы расійскіх рэактыўных БПЛА фіксаваліся над Чарнігаўскай вобласцю Украіны. Каля 14:40 адразу шэсць груп рухаліся ўжо звыклай траекторыяй уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы з усходу на захад.
Нагадаем, 18 жніўня каля Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, меркавана, упаў невядомы дрон. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра гук выбуху, падобны да грому.