Расія папрасіла бензін у Турцыі
1- 24.08.2026, 19:32
- 1,108
Раней Крэмль звяртаўся да Індыі і Марока.
Упершыню ў гісторыі Расія закупіла бензін у Турцыі — краіны, якую гадамі забяспечвала сырой нафтай і палівам. Як паведамляе «Коммерсант», першы танкер з партыяй турэцкага бензіну аб’ёмам да 50 тысяч тон прыбудзе ў адзін з балтыйскіх партоў РФ да канца жніўня. Паліва вязе танкер Wendrix, уключаны ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і Швейцарыі, які загрузіўся ў турэцкім порце Мерсін.
Гэта пятая імпартная пастаўка бензіну з ліпеня, падкрэслівае «Ъ». На пачатку жніўня ў Мурманску разгрузіўся першы танкер з бензінам з Індыі, які адправіў напалову прыналежны «Роснефти» НПЗ Vadinar. Таксама Расія закупіла бензін у Марока, але яго сапраўднае паходжанне невядомае: адзіны НПЗ у краіне закрылі ў 2015 годзе.
У жніўні Расія павялічыць закупкі імпартнага паліва да 270 тысяч тон, казалі раней крыніцы Reuters. Каля траціны гэтага аб’ёму забяспечыць Індыя, якая набывае са скідкамі расійскую нафту. Астатнія партыі прыпадаюць на нафтапрадукты, што перагружаліся з танкера на танкер («борт-борт») каля берагоў Паўднёвай Карэі і Малайзіі.
Унутраная вытворчасць бензіну цяпер пакрывае толькі 65–75% спажывання, ацэньвае дырэктар па знешніх камунікацыях NEFT Research Дзмітрый Пракоп’еў. Аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў краіне трымаюцца каля мінімальных значэнняў за два дзесяцігоддзі і на траціну адстаюць ад сезоннай нормы — каля 4 млн барэляў у дзень.
Новая хваля дэфіцыту паліва ўжо ахапіла як мінімум 14 рэгіёнаў, у тым ліку Маскву, дзе зноў сталі ўтварацца шматгадзінныя чэргі перад АЗС, а буйныя нафтавыя кампаніі ўвялі ліміты на адпуск паліва. Афіцыйныя абмежаванні на продаж бензіну ўвялі Ліпецкая, Калужская, Арэнбургская, Ленінградская, Самарская вобласці, а таксама Забайкальскі край. Паводле дадзеных сэрвісу «ГдеБенз», на 16 жніўня больш чым на 70% расійскіх заправачных станцый не было ў наяўнасці бензіну або дызельнага паліва, пры гэтым за тыдзень іх доля павялічылася на 13 працэнтных пунктаў.
З пачатку жніўня не менш як пяць расійскіх НПЗ спынілі выпуск паліва з-за ўдараў БПЛА. У верасні ліквідаваць дэфіцыт за кошт уласнай вытворчасці нафтавікі не змогуць: у аптымістычным сцэнарыі выпуск паліва павялічыцца на 10–15%, сказалі галінавыя крыніцы «Ъ». Цяперашнія аб’ёмы імпарту разрыў таксама не перакрыюць, кажа Пракоп’еў з NEFT Research.